Белорусский портал в Казахстане

Лепшыя беларускія мультфільмы прадставілі ў Маскве



Аб гэтым паведаміў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" Алег Сільвановіч.

Лепшыя мультыплікацыйныя карціны за 42-гадовую гісторыю беларускай анімацыі прадставілі ў Маскве на кінафоруме "Кіно сяброў". Рэтраспектыўныя паказы беларускіх мультфільмаў праходзяць з 25 красавіка па 1 мая.

У праграме - больш за 40 анімацыйных карцін. Яны прадстаўлены ў сямі раздзелах і разлічаны не толькі на дзяцей, але і на дарослых. Гледачы ўбачаць розныя па жанру і працягласці стужкі, створаныя як майстрамі савецкага перыяду, так і маладымі аніматарамі.

Акрамя беларускай праграмы на кінафоруме пакажуць мультфільмы з Эстоніі, Латвіі, Украіны, Грузіі і Германіі.

Цяпер кінастудыя "Беларусьфільм" чакае вестак з XX Міжнароднага фестывалю анімацыйных фільмаў, які праходзіць у Штутгарце. Адразу дзве айчынныя карціны - "Дзед" рэжысёра Аляксандра Ленкіна і "Піліпка" Таццяны Кубліцкай - спаборнічаюць за галоўны прыз. На фестывалі пакажуць беларускую стужку "Як служыў я ў пана" з цыкла "Музычная шкатулка" рэжысёра Міхаіла Тумелі. Мультфільм у конкурсе не ўдзельнічае.

Годам нараджэння беларускай анімацыі лічыцца 1971-ы, калі афіцыйна з`явілася анімацыйная студыя пры кінастудыі "Беларусьфільм". За гэты час знята больш за 100 карцін для дзяцей і дарослых. Сёння, прайшоўшы ўсе этапы тэхнічнага прагрэсу ад цэлулоіднага метаду да камп`ютарных тэхналогій, анімацыйная студыя здольна выпускаць да 10 мультфільмаў любой складанасці ў год.

26 красавіка 2013, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/188/20881
Текущая дата: 27.12.2024