Белорусский портал в Казахстане

А.Лукашэнка лічыць, што ў АДКБ наперадзе няпросты перыяд



Аб гэтым ён заявіў 19-га снежня на пасяджэнні Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) наперадзе няпросты перыяд.

"У тым, што наступны перыяд будзе няпростым, сумнявацца не даводзіцца", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

"На жаль, мы канстатуем, што канфліктны патэнцыял у міжнародных адносінах па-ранейшаму нарастае. Гэтаму садзейнічае шэраг аб`ектыўных фактараў, такіх як эскалацыя насілля на Блізкім Усходзе, абвастрэнне міждзяржаўных супярэчнасцей у энергетычнай сферы. Акрамя таго, адбыўся перакос існуючай сістэмы міжнароднай бяспекі з-за імкнення асобных дзяржаў адыгрываць у ёй вядучую ролю без уліку інтарэсаў іншых", - адзначыў Прэзідэнт Беларусі.

Паводле яго слоў, як вынік - захавана практыка аказання эканамічнага і палітычнага націску на суверэнныя краіны. Аляксандр Лукашэнка лічыць, што не апошнюю ролю ў сітуацыі, што склалася, адыгрывае дэградацыя дзеючай сістэмы кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе, у выніку чаго назіраецца з`яўленне прыкмет развязвання новай гонкі ўзбраенняў.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што для АДКБ асабліва адчувальным з`яўляецца пытанне абароны ад пагроз, што ідуць з Афганістана. "Такім чынам, ускладзеная на АДБК місія забеспячэння нацыянальнай калектыўнай бяспекі, а таксама каардынацыі знешнепалітычных пазіцый па міжнародных рэгіянальных пытаннях цяпер запатрабавана як ніколі", - адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы. "У цэлым мы задаволены работай гэтых механізмаў узаемадзеяння", - сказаў ён, у той жа час дадаўшы, што калектыўныя ўказанні маюць патрэбу ў адаптацыі да сучасных выклікаў і пагроз. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за міжсесійны перыяд праведзена сумесная з Расійскай Федэрацыяй работа і Беларусь унесла прапановы па актуалізацыі ўказанняў. "Нягледзячы на розныя знешнепалітычныя памкненні нашых дзяржаў па асобных пытаннях, мы змаглі вызначыць напрамкі сумесных дзеянняў па аказанню ўзаемнай падтрымкі", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Эвалюцыя развіцця Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы прадугледжвае забеспячэнне стабільнасці і бяспекі не толькі ў зоне адказнасці арганізацыі, але і па яе перыметры", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што за перыяд беларускага старшынства ў АДКБ ініцыятыва па стварэнню інстытута партнёрства і была арыентавана на пашырэнне ўплыву арганізацыі ўздоўж яе граніцы. Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што пры гэтым улічваецца фактар 2014 года, калі значная частка кааліцыйных сіл будзе выведзена з Афганістана. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на сустрэчы ў вузкім коле ўсе кіраўнікі дзяржаў выказаліся на гэту тэму ў такім ключы. "Перакананы, што яна захоўвае сваю актуальнасць асабліва ў святле актывізацыі намаганняў Манголіі па інтэграцыі ў існуючую архітэктуру еўрапейскай бяспекі. Як вядома, гэта краіна нядаўна ўступіла ў АБСЕ. Магчыма, Манголія была б зацікаўлена ў наладжванні супрацоўніцтва з АДКБ па важных для абодвух бакоў напрамках", - лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

19 снежня 2012, Масква
Таццяна Паляжай - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/194/18477
Текущая дата: 06.11.2024