Белорусский портал в Казахстане

Мы п`ем зашмат вады?



Лічыцца, што ў норме чалавеку варта выпіваць 2 літры вады за дзень. Навукоўцы з Новай Зэляндыі сьцьвярджаюць, што насамрэч гэтыя рэкамэндацыі – вынік змовы вытворцаў напояў.

«30 гадоў таму мы ня ведалі нічога пра ваду ў плястыкавых бутэльках. Цяпер яны сталі своеасаблівым модным аксэсуарам. Сёньня бутэлька з халоднай вадой разглядаецца як сымбаль здаровага ладу жыцьця», – заявілі новазэляндзкія экспэрты. Яны лічаць, што парады піць ня менш за два літры за дзень зьяўляюцца вынікам камэрцыйнага інтарэсу кампаній, якія займаюцца вытворчасьцю і продажам бутэляванай вады.

Навукоўцы таксама ставяць пад сумнеў неабходнасьць піць шмат вады для таго, каб справіцца зь лішняй вагой. «Ужываньне вады ў вялікіх колькасьцях не дапаможа вам схуднець. Для гэтага неабходна сачыць за сваім харчаваньнем і займацца спортам», – падкрэсьлілі яны.

Дасьледаваньні паказваюць, што вадкасьць, якая зьмяшчаецца ў ежы, больш эфэктыўная ў барацьбе зь лішняй вагой, чым строгая дыета. Такія напоі, як чай і кава, нягледзячы на кафэін, які зьмяшчаецца ў іх, таксама павінны ўлічвацца пры падліку агульнай колькасьці спажыванай вадкасьці. Больш за тое, кава і гарбата не прыводзяць да абязводжваньня арганізму, як гэта прынята лічыць.

«Нам сапраўды неабходна падтрымліваць балянс вадкасьці ў арганізьме і піць ваду, але пры гэтым варта ўлічваць вадкасьць, якая зьмяшчаецца ў садавіне, гародніне, соках і іншых прадуктах харчаваньня», – заключылі навукоўцы.

Радыё Свабода
20 чэрвеня 2012, Менск

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/209/14764
Текущая дата: 26.12.2024