Белорусский портал в Казахстане

Пасяджэнне экспертнай групы СНД ў Мінску



Эксперты краін СНД абмяркуюць пытанні ліквідацыі надзвычайных сітуацый і іх наступстваў.

У Мінску, у Выканаўчым камітэце СНД, 28—29 лютага пройдзе пасяджэнне экспертнай групы па дапрацоўцы і ўзгадненні праекта Пагаднення аб супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц Садружнасці пры правядзенні сумесных мерапрыемстваў па ліквідацыі надзвычайных сітуацый і іх наступстваў.

Як паведаміла прэс-служба Выканкама, штуршком да з`яўлення гэтага Пагаднення стала сітуацыя ў сувязі з прыроднымі пажарамі на тэрыторыі Расіі летам 2010 года, калі агонь бушаваў на плошчы, што перавышала 500 тысяч гектараў. Пажарамі былі поўнасцю або часткова знішчаны 127 населеных пунктаў, загінулі больш як 50 чалавек. Гэтыя страты маглі быць значна большымі, калі б на дапамогу расійскаму МНС не прыйшлі іх калегі з іншых краін, у тым ліку з дзяржаў СНД. Так, сваю дапамогу прапанавалі Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Узбекістан і Украіна.

Аднак пажары ў Расіі паказалі недасканаласць прававой базы па ўзаемадзеняні пры ўзнікненні НС, найперш па арганізацыі перамяшчэння і прымянення сіл і сродкаў на тэрыторыі пацярпелага боку. Каб папоўніць гэты прагал, быў распрацаваны праект Пагаднення аб супрацоўніцтве пры правядзенні сумесных мерапрыемстваў па ліквідацыі надзвычайных сітуацый і іх наступстваў. У дакуменце вызначаны асноўныя формы ўзаемадзеяння, парадак арганізацыі, правядзення і завяршэння такіх мерапрыемстваў, прававы статус іх удзельнікаў. Плануецца, што пасля канчатковага ўзгаднення экспертамі праект Пагаднення будзе ва ўстаноўленым парадку ўнесены на разгляд Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

У прэс-службе зазначылі, што ўмацаванне ўзаемадзеяння ў экалагічнай сферы, папярэджанні надзвычайных сітуацый і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, актывізацыя сумеснай дзейнасці па папярэджанні і супрацьдзеянні прыродным і тэхнагенным катастрофам прадугледжаны Канцэпцыяй далейшага развіцця СНД і Планам мерапрыемстваў па яе рэалізацыі.

Бяспека навакольнага асяроддзя — адна з тых глабальных праблем, якія не могуць быць вырашаны намаганнямі адной дзяржавы, таму што вымагае ўзгодненых дзеянняў некалькіх краін як на лакальным і рэгіянальным, гэтак і сусветных узроўнях. Згодна з сусветнай статыстыкай, колькасць небяспечных прыродных надзвычайных сітуацый штогод узрастае ў сярэднім на 4%, эканамічныя ж страты ад іх — на 10,4%. Разам з тым пры своечасовым папярэджанні і прыняцці неабходных  мер страты ў эканоміцы можна зменшыць да 40%, а ў некаторых выпадках прадухіліць гібель людзей.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 25 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/217/12483
Текущая дата: 15.11.2024