Белорусский портал в Казахстане

Завершана рэалізацыя праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Бамбел-3"



9 лістапада ў міжнародным пункце пропуску "Рудаўка Лясная" (Гродзенская вобласць) адбудзецца ўрачыстая цырымонія, прысвечаная закрыццю праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Бамбел-3", які фінансаваўся Еўрапейскім саюзам.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі, мэтай праекта было стварэнне з беларускага боку оптыка-валаконных ліній сувязі на дзяржаўнай мяжы паміж Беларуссю і Польшчай. Атрымальнікі дапамогі — Дзяржпагранкамітэт і Дзяржаўны мытны камітэт. Бюжэт праекта — больш за 6 мільёнаў еўра.

Урачыстае адкрыццё праекта адбылося 29 сакавіка 2010 года на базе пагранічнай заставы "Тамашоўка" Брэсцкай пагранічнай групы. Праект выконваўся дзвюма падраднымі арганізацыямі: ТАА "Цэнтрсувязьбуд" (Расія), якое адказвала за выкананне будаўнічых работ, і ТАА "Белаблсэлекам" (Беларусь), якое адказвала за пастаўку і наладку тэлекамунікацыйнага абсталявання.

"Бамбел-3" стаў самым буйным праектам стварэння аб`ектаў тэлекамунікацыйнай інфраструктуры ў Беларусі, рэалізаваным за кошт фінансавых сродкаў Еўрапейскага саюза, не толькі адносна яго тэхналагічнасці, тэрмінаў будаўніцтва  (27 месяцаў), кошту, але і па маштабнасці. Так, агульная працягласць пабудаваных валаконна-аптычных ліній сувязі склала 460,46 км, а колькасць станцыйных аб`ектаў — 48.

Дзякуючы рэалізацыі праекта ажыццёўлена глыбокая мадэрнізацыя тэлекамунікацыйнай інфраструктуры органаў пагранслужбы на беларуска-польскім участку мяжы. Гэта дазволіць будаваць любую інтэграваную сістэму аховы мяжы  (у тым ліку на аснове прымянення інтэлектуальных і цеплавізійных сістэм назірання за мяжой) з улікам самых апошніх дасягненняў у інфармацыйных, тэлекамунікацыйных і іншых тэхналогіях.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 8 лістапада 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/233/10442
Текущая дата: 31.12.2024