Белорусский портал в Казахстане

Радаслаў Сікорскі: Адносіны Еўропы да Лукашэнкі будуць такімі ж, як яго адносіны да апазіцыі



Адносіны Еўропы да Аляксандра Лукашэнкі будуць такімі ж, як яго адносіны да беларускай апазіцыі. Пра гэта заявіў сёння на прэс-канферэнцыі ў Варшаве міністр замежных спраў Польшчы, якая старшынствуе ў ЕС, Радаслаў Сікорскі пасля сустрэчы з дэлегацыяй беларускай апазіцыі.

"Пакуль працягваюцца рэпрэсіі, паглыбленне адносін з ЕС і фінансавая дапамога для Беларусі немагчымыя", — цытуе Сікорскага сайт польскага МЗС.

У той жа час, паводле слоў міністра, Польшча гатова стаць першай "у лабіраванні самага шчодрага магчымага пакета дапамогі для Беларусі, калі яе ўлада навучыцца паважаць правы сваіх грамадзян".

Сікорскі таксама паведаміў, што Польшча перадае 1 мільён еўра ў мэтавы Фонд Усходняга партнёрства для аказання падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі.

Перад Лукашэнкам стаіць выбар: "ісці па шляху дэмакратыі ці па шляху тых дыктатараў, якія страцілі ўладу ў розных краінах у апошнія месяцы", заявіў кіраўнік польскага МЗС.

Нагадаем, 29—30 верасня ў Варшаве праходзіць саміт Усходняга партнёрства. Сёння Радаслаў Сікорскі і камісар Савета Еўропы па правах чалавека Томас Хамарберг сустрэліся з членамі беларускай апазіцыйнай дэлегацыі, у склад якой уваходзяць Уладзімір Някляеў, Анатоль Лябедзька, Рыгор Кастусёў, Юрый Губарэвіч, Сяргей Калякін і іншыя палітыкі, а таксама сваякі палітзняволеных — сястра экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Ірына Багданава і грамадзянская жонка яшчэ аднаго былога кандыдата, Мікалая Статкевіча, Марына Адамовіч.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 29 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/244/9498
Текущая дата: 15.11.2024