Белорусский портал в Казахстане

Маскі цывілізацыі смерці: фемінізм



Здавалася б, што можа быць агульнага паміж цывілізацыяй смерці, пра якую казаў Ян Павел ІІ, і сучасным рухам за правы жанчын? Што дрэннага ў гэтых правах?

Упершыню аб правах жанчын загаварылі пасля Французскай рэвалюцыі, калі масонскі заклік да «свабоды, роўнасці і братэрства» стаў лозунгам новай пабудовы свету. У  кодэксе Напалеона 1804 года жанчына, якая да таго часу практычна ніякімі правамі не валодала, упершыню атрымала права быць ініцыятарам разводу ў выпадку непрыстойных паводзін мужа. Ужо ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя ўзнік рух жанчын, якія змагаліся за выбарчыя правы, што на пачатку ХХ стагоддзя пераўтварыўся ў фемінізм. Галоўная ідэя фемінізму: жанчына павінна быць роўнай мужчыну ва ўсіх сферах жыцця — палітыцы, бізнесе, грамадскім жыцці. Аднак ва ўсёй гэтай роўнасці ёсць адно «але»: па самой сваёй прыродзе жанчына прывязана да хатніх клопатаў, бо менавіта яна нараджае дзяцей, і гаварыць пра абсалютную свабоду жанчыны немагчыма. Таму адным з галоўных заданняў феміністак стала вызваленне жанчыны ад нараджэння дзяцей.

З гэтай задачай яны справіліся даволі хутка — усяго за паўстагоддзя, хаця гэта было складана, бо яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя аборт быў ва ўсім свеце крымінальным злачынствам, а любая кантрацэпцыя недапушчальнай і непрыстойнай для сужэнства. Аднак дзякуючы дзейнасці феміністак, у першую чаргу Маргарэт Зангер, у 1920-я гады на Захадзе з’явілася паняцце планавання сям’і, якое мела на ўвазе свабодны доступ да абортаў і кантрацэпцыі, а ўжо ў 1970-я гады аборты былі легалізаваны ў большасці краін свету. Феміністкі абвясцілі ідэю аб тым, што жанчына мае права распараджацца  сваім жыватом, мае права выбару, захоўваць цяжарнасць або не. Гэтая ідэя стала фундаментам для сексуальнай рэвалюцыі канца 1960-х гадоў, бо жанчына ў роўнай ступені з мужчынам атрымала магчымасць уступаць у выпадковыя сувязі, пазашлюбныя стасункі, не вельмі турбуючыся пра цяжар нараджэння дзяцей. Мэта феміністак была дасягнута, жанчыны ў развітых краінах атрымалі поўную свабоду для самарэалізацыі, а краіны, дзе правы жанчын пакуль яшчэ абмежаваныя, падвяргаюцца моцнаму ўціску з боку міжнародных арганізацый.

Але ці патрэбна была гэтая свабода? Ад яе пацярпелі ў першую чаргу самі жанчыны, якія зараз сталі ва ўсім падобныя да мужчын, ажно да прычоскі, адзення і стылю паводзін. Сёння ўсё складаней гаварыць пра тое, што жанчыны — гэта слабы пол, пра які трэба клапаціцца. Кожны мужчына па сваёй прыродзе абаронца, але калі жанчына пачынае паводзіць сябе па-мужчынску, тады мужчыне няма дзе рэалізаваць сваё галоўнае пакліканне ў жыцці, і ён пачынае дэградаваць. Мы сутыкнуліся з небывалым крызісам бацькоўства, калі сапраўдныя мужчыны, адказныя бацькі сталі музейнай рэдкасцю, відам, які вымірае. Усе ведаюць, як цяжка цяпер выйсці замуж прыстойнай хрысціянскай дзяўчыне, якая не згодна ісці на кампрамісы з нормамі маралі! Нічога дзіўнага ў гэтым няма: зніклі сапраўдныя жанчыны, а за імі зніклі і сапраўдныя мужчыны, бо іх зараз няма каму выхоўваць.

Які ж вынік двухсотгадовай барацьбы за правы жанчын? У першую чаргу, гэта небывалы крызіс сям’і. Дашлюбнае сумеснае жыццё і разводы зрабіліся нормай, гэтак жа як і аборты на любых тэрмінах. Колькасць самагубстваў і алкагалізм расце ва ўсім свеце, а часцей за ўсё людзі співаюцца і ідуць на самагубства з-за праблем у сям’і. Набірае абароты гомасексуалізм, карані якога таксама ў разбітых сем’ях, бо часцей за ўсё гомасексуалістамі становяцца дзеці, якія выраслі без бацькі.

Радыкальны фемінізм, безумоўна, не адзінае зло на нашай планеце, але ў фарміраванні цывілізацыі смерці ён іграе выключную ролю. Аднак мы пакліканы ствараць вакол нас цывілізацыю жыцця і любові, Валадарства Божае, і менавіта да гэтага кліча Езус жанчын, якія хочуць ісці за Ім.

Ул. Валаховіч
catholic.by, 21 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/246/9387
Текущая дата: 15.11.2024