Белорусский портал в Казахстане

Прадстаўнікі краін АДКБ абмяркуюць у Мінску пытанні барацьбы з незаконнай міграцыяй



15 верасня ў Мінску адбудзецца пасяджэнне Каардынацыйнага савета кіраўнікоў кампетэнтных органаў дзяржаў — членаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы па пытаннях барацьбы з незаконнай міграцыяй. Пра гэта паведаміла ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Беларусі.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звернуцца генеральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа, старшыня каардынацыйнага савета — дырэктар Федэральнай міграцыйнай службы РФ Канстанцін Рамаданаўскі і намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўген Полудзень.

Парадкам дня пасяджэння прадугледжана абмеркаванне вынікаў першага этапу аператыўна-прафілактычных мерапрыемстваў "Нелегал", якія рэалізуюцца ў межах АДКБ і скіраваныя на супрацьдзеянне незаконнай міграцыі, уключаючы гандаль людзьмі. Затым будуць разгледжаныя некаторыя аспекты другога этапу гэтых мерапрыемстваў, правядзенне якіх запланаванае сёлета.

Апрача таго, прысутныя вывучаць праблемы міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы супрацьдзеяння нелегальнай міграцыі і шляхі іх вырашэння, а таксама магчымасць стварэння адзінага міждзяржаўнага банка звестак страчаных, незаконна выдадзеных і несапраўдных пашпартна-візавых дакументаў. Размова будзе ісці і пра праблемы адаптацыі працоўных-мігрантаў да сацыякультурных умоў краіны знаходжання з мэтай зніжэння ўзроўню незаконнай міграцыі.

Не застанецца без увагі тэма павышэння эфектыўнасці і аператыўнасці абмену інфармацыяй аб грамадзянах трэціх дзяржаў і асобах без грамадзянства, якія прыязджаюць на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц СНД, і ўліку такой інфармацыі, а таксама фарміравання міждзяржаўнага банка звестак працоўных-мігрантаў — грамадзян дзяржаў ЕўрАзЭС.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 верасня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/247/9216
Текущая дата: 15.11.2024