Белорусский портал в Казахстане

«Беларусь 3» адзначыць Міжнародны дзень роднай мовы



Сацыякультурны тэлеканал штодня на роднай мове знаёміць гледачоў з матэрыяльнай і духоўнай культурнай спадчынай краіны. Традыцыйна знакавыя гістарычныя даты адгукаюцца тэматычнымі эфірамі. 21 лютага «Беларусь 3» далучыцца да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы.

У аўторак у праграме сацыякультурнага канала — любімыя перадачы, тэлеверсіі спектакляў і анімацыйныя стужкі на беларускай мове. Так, у дзіцячых перадачах «Дабраранак» і «Калыханка» пакажуць мультфільмы вытворчасці кінастудыі «Беларусьфільм». 

Госцем праекта «Кадры жыцця» ў гэты дзень стане пісьменнік, сцэнарыст, рэжысёр Уладзімір Мароз. Ён распавядзе пра ўласны творчы шлях і падзеліцца сакрэтамі стварэння дакументальнага кіно. 

Днём тэлеканал прапануе пастаноўку спектакля Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа «Леаніды не вернуцца на зямлю» паводле аднайменнага твора Уладзіміра Караткевіча. А вось творчая група праграмы «Наперад у мінулае» зладзіць фальклорную экспедыцыю ў Лошыцкі парк Мінска, каб задакументаваць абрад «Масленка» ў выкананні народнага ансамбля народнай песні і музыкі «Шчодрыца», а таксама мясцовыя песні, танцы, прыпеўкі. Вынік вандроўкі — новая арыгінальная версія аўтэнтычнай песні ў выкананні Алены Цітовай. 

У вячэрнім эфіры ў праекце «Гісторыя. Факты» — цікавыя звесткі пра ўзнікненне і развіццё кнігі. Завершыць святочнае вяшчанне дакументальны тэлефільм «Васіль Быкаў: паміж пісьменнікам і мастаком» з цыкла «Запіскі на палях».

Алена Драпко
Звязда, 20 лютага 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/25/68477
Текущая дата: 16.11.2024