Мужчына звярнуўся ў міліцыю 24 верасня. Яму патэлефанаваў нібыта супрацоўнік банка і паведаміў, што на імя кліента хтосьці спрабуе аформіць крэдыт.
Каб спыніць транзакцыю, трэба было даць ідэнтыфікацыйны нумар пашпарта і СМС-коды пацверджання. Пасля размовы мужчына выявіў прапажу з банкаўскага рахунку больш як Br12 тыс. Звязацца з «супрацоўнікам банка» не атрымалася, паколькі ён тэлефанаваў некалькі разоў з розных нумароў.
Следчы запытаў звесткі аб руху грошай па карт-рахунку пацярпелага. Быў агледжаны яго мабільны тэлефон, зафіксаваныя і ўнесены ў спецыялізаваную базу нумары тэлефонаў, з якіх тэлефанаваў зламыснік. Высветлілася, што званкі паступалі з абаненцкіх нумароў сотавых аператараў Грэцыі. Плануецца накіраваць міжнародныя просьбы аб аказанні прававой дапамогі для высвятлення асобы злачынца. Узбуджаная крымінальная справа па ч.3 ст.212 (крадзеж шляхам мадыфікацыі кампутарнай інфармацыі, здзейснены ў буйным памеры) КК.
У цэлым за мінулы тыдзень следчыя Брэсцкай вобласці распачалі 20 крымінальных спраў па арт. 212 КК. У асноўным зламыснікі атрымлівалі рэквізіты банкаўскіх карт з дапамогай фішынгавых інтэрнэт-старонак, якія імітуюць афармленне сапраўдных сайтаў. У некаторых выпадках ашуканцы прадстаўляліся супрацоўнікамі банкаў і выманьвалі патрэбную інфармацыю. Агульная сума нанесенай шкоды пацярпелым склала больш Br36 тыс.
Звязда, 27 верасня 2021
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/49/60696
Текущая дата: 17.11.2024