Як вядуцца нарыхтоўка і перапрацоўка лясных дароў на прыватным прадпрыемстве.
Вось гэта цікавы паварот! Дырэктар прыватнага прадпрыемства «Экалесапрадукт» Валерый Баярын згадзіўся пагаварыць з карэспандэнтам «Звязды» наконт будучага матэрыялу толькі пры ўмове, што газета раскажа, якія цудоўныя людзі працуюць у кампаніі. «Бо ў мяне ўсе найлепшыя, — кажа Валерый Вячаслававіч, — найлепшыя грузчыкі, найлепшыя нарыхтоўшчыкі, перабіральшчыцы, найлепшыя спецыялісты». Дык гэта, як той казаў, з задавальненнем.
Вядома, дырэктар лепш ведае пра свой калектыў. Тым больш што пачынаў вытворчасць Валерый Баярын фактычна з нуля дзесяць гадоў таму. У вёсцы Куплін пад Пружанамі знайшлі памяшканне былой ваеннай часці, якое доўга не выкарыстоўвалася. Там і арганізавалі нарыхтоўку ягад ды грыбоў. Першыя гады, вядома, аб`ёмы былі не такія, як цяпер: наймалі некалькі дзясяткаў нарыхтоўшчыкаў у раёнах Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Сёння тут пастаянна занята 15 чалавек, а ў сезон наймаецца яшчэ прыблізна 300 работнікаў.
Загадчыца вытворчасці Валянціна Завяруха цэлую змену круціцца як тая вавёрка ў коле паміж радамі перабіральшчыц. Нарыхтоўкамі Валянціна Іванаўна займаецца больш за 20 гадоў, апошнія восем працуе ў кампаніі «Экалесапрадукт».
— Цяпер актыўна ідуць лісічкі, — кажа яна. — Толькі на першы погляд можа здацца, што нарыхтоўваць дары лесу не такая складаная справа. Так, нам не патрэбны розныя станкі ды механізмы для вытворчасці. Але насамрэч складнікаў поспеху работы нямала. Свой уплыў аказваюць надвор`е, стан навакольнага асяроддзя. Нават мясцовасць накладвае адбітак на смакавыя ўласцівасці прадукцыі. А спажывец арыентаваны на высокую якасць. Таму кожны грыб павінен быць перабраны, правераны на адпаведнасць і якасць рукамі нашых перабіральшчыц. Да таго ж грыбы, фасаваныя ў скрынкі, павінны мець не проста таварны выгляд, а выгляд прывабны, нібы з карцінкі. Еўрапейскія партнёры патрабавальныя, і мы ніколі іх не падводзілі. Нас ведаюць у многіх краінах Еўропы. Цяпер, напрыклад, частка партыі лісічак, якія сабраны ў ваколіцах Белавежскай пушчы, накіроўваецца ў Парыж, заказ зрабіў рэстаран Эйфелевай вежы. Вядома, еўрапейскія партнёры на першы план заўсёды ставяць экалагічнасць прадукцыі, таму мы правяраем грыбы, ягады на радыяцыю, на прымесі шкодных рэчываў і толькі пасля таго, як упэўніліся, што прадукцыя цалкам чыстая, даём ёй далейшы ход.
Калі Валянціна Завяруха можа прачытаць цэлую лекцыю пра ўласцівасці лісічак, дык Аксана Коўч, загадчыца секцыі прыёмкі, усё ведае пра чарніцы:
— Ягаду мы пачалі прымаць у пачатку ліпеня. Летась, напрыклад, сезон нарыхтоўкі стартаваў раней, многае залежыць ад асаблівасцяў надвор`я. Наогул жа беларускія чарніцы вельмі смачныя і карысныя. А вось самую прыгожую і буйную ягаду прывозяць з ваколіц пушчы. Наша задача — хутка замарозіць чарніцы і адправіць пакупніку з нерастрачаным наборам вітамінаў і мікраэлементаў. Таму ў памяшканні маразільнай камеры падтрымліваецца тэмпература мінус 18, і працаваць пэўны час даводзіцца ў ватніку, хоць за акном плюс 30. Але гэта не ўвесь час, а на апошніх стадыях шматступеннага кантролю.
Аксана па спецыяльнасці — эканаміст, працуе тут трэці сезон, работай задаволена, мяняць яе не збіраецца.
Цяпер у Купліне апрацоўваюць прадукцыю з чатырох абласцей Беларусі, а пастаўкі даўно выйшлі за межы Еўропы. Напрыклад, праз пасярэднікаў пружанскія ягады і грыбы набываюць кампаніі з Канады, Кітая, іншых краін на розных кантынентах. Прадпрыемства мае свае халадзільныя камеры, камеру шокавай замарозкі. Апошняя дазваляе захоўваць першапачатковую якасць прадукту, павялічваць яго тэрмін захавання пры мінімальнай апрацоўцы, бо атрымальнік прадукцыі самастойна даводзіць тавар да патрэбнай яму кандыцыі.
Другая частка прадукцыі праходзіць дасканалую ачыстку, замарожваецца і ўпакоўваецца, затым накіроўваецца ў гандлёвую сетку. Вядома, не ўсё ідзе на экспарт — у нашых крамах таксама прадаюцца замарожаныя ягады з Пружан.
Другая частка прадукцыі праходзіць дасканалую ачыстку, замарожваецца і ўпакоўваецца, затым накіроўваецца ў гандлёвую сетку. Вядома, не ўсё ідзе на экспарт — у нашых крамах таксама прадаюцца замарожаныя ягады з Пружан.
— Для праверкі якасці ў нас ёсць усё неабходнае абсталяванне, — кажа прыёмшчыца Надзея Васілеўская. — Мы карыстаемся нарматывамі, распрацаванымі абласной санітарнай службай. Працэс праверкі арганізаваны так, што мы адказваем за кожную партыю ягад ці грыбоў.
Надзея працуе ў кампаніі «Экалесапрадукт» нядаўна. Зарплата, умовы працы, калектыў яе задавальняюць. На работу дзяўчына, як і многія яе калегі, едзе з райцэнтра аўтобусам прадпрыемства. Працаваць падабаецца. Толькі вось адносіны да тых, хто стараецца
летам зарабіць на зборы ягад, у яе змяніліся. Адны людзі падыходзяць да справы адказна, акуратна збіраюць спелыя чарніцы, а іншыя могуць з дапамогай розных прыстасаванняў налупіць зялёных з лісцем, галінкамі, не зважаючы на расліну. А так рабіць нельга, гэта вядзе да спусташэння прыроды. І, вядома, такую ягаду ніхто не прыме, нагадала прыёмшчыца.
— У нас няма дастатковага запасу карысных выкапняў, але ёсць аднаўляльныя рэсурсы, — разважае Валерый Баярын. — Толькі вось распараджацца імі трэба з розумам, з павагай да прыроды, і можна атрымліваць добры эканамічны эфект. Нашы лясы даюць чыстую прадукцыю, гэта ацаніў еўрапейскі спажывец. Нездарма ж нават падчас пандэміі ніводная краіна ЕС не закрыла граніцы для фур з замарожанымі ягадамі — наадварот, яны рады атрымліваць
вітамінную прадукцыю, якая спрыяе ўмацаванню імунітэту. А мы гатовыя яе паставіць.
Святлана Яскевіч
Звязда, 29 ліпеня 2020
Звязда, 29 ліпеня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/65/54931
Текущая дата: 17.11.2024