Навукоўцы з Оксфардзкага ўнівэрсытэту абвясьцілі пра разгадку адной з галоўных таямніц сучаснай фізыкі — праблемы цёмнай матэрыі і цёмнай энэргіі. Пра гэта паведамляе Sky News.
Дасьледчыкі даўно падазраюць, што 95 адсоткаў Сусьвету складаецца з гэтых экзатычных «рэчываў». Доктар Джэймі Фарнс з Оксфардзкага ўнівэрсытэту высунуў гіпотэзу, згодна зь якой абедзьве гэтыя субстанцыі аб’яднаныя ў «вадкасьць» з адмоўнай масай.
Большасьць галяктык круціцца з такой хуткасьцю, што павінны былі б непазьбежна разваліцца. У здагадцы Фарнса крыецца адзінае тлумачэньне таго, чаму не адбываецца падобных касьмічных катастроф. Справа ў тым, што абʼект з адмоўнай масай павінен быў бы рухацца ў кірунку, зваротным адштурхваньню. Як мяркуе Оксфардзкі дасьледчык, пры пашырэньні Сусьвету таямнічая «вадкасьць» паводзіць сябе менавіта такім чынам і не дазваляе галяктыкам распаўзьціся.
Раней навуковая супольнасьць адмаўлялася прызнаваць існаваньне адмоўнага рэчыва. На думку навукоўцаў, яно страціла б шчыльнасьць пры пашырэньні Сусьвету. Гэтую праблему дазволіла б пераадолець тэорыя аб адмоўнай гравітацыі.
Цяпер гіпотэзу Фарнса правераць на супэрсучасным радыётэлескопе — так званай «квадратнай кілямэтровай рашотцы» (Square Kilometre Array). У міжнародным праекце бярэ ўдзел у тым ліку Оксфардзкі ўнівэрсытэт.
Радыё Свабода, 5 сьнежня 2018
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-/99/45865
Текущая дата: 18.11.2024