Белорусский портал в Казахстане

Інстытут нацыянальнай памяці ў Варшаве гатовы да дыскусіі зь беларускімі гісторыкамі пра Браніслава Тарашкевіча



Аб гэтым у Горадні «Польскаму радыё» заявіў дырэктар Інстытуту нацыянальнай памяці ў Варшаве Ярослаў Шарэк.

Справа аб перайменаваньні вуліцы Браніслава Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім на ўсходзе Польшчы дагэтуль нявырашаная. 

Паводле Ярослава Шарэка, польскі бок добра разумее, наколькі важнай постацьцю для беларусаў зьяўляецца асоба Браніслава Тарашкевіча. Але ў той самы час Шарэк адзначыў, што існуе шмат дакумэнтаў, якія сьведчаць аб тым, што пункт погляду ІНП таксама важна ўзяць пад увагу.

«Думаю, што было б добра запрасіць беларускіх гісторыкаў, якія займаюцца асобай Тарашкевіча, каб прадставіць ім дакумэнты (выказваньні Браніслава Тарашкевіча), якія сьведчаць аб тым, што Інстытуту нацыянальнай памяці цяжка будзе пазытыўна ацаніць асобу Тарашкевіча», — сказаў Ярослаў Шарэк.

Ён задэкляраваў, што гатовы наладзіць спатканьне беларускіх гісторыкаў з польскімі калегамі, якія займаюцца вывучэньнем справы Браніслава Тарашкевіча, каб адбылася дыскусія і бакі маглі знайсьці паразуменьне.

У Бельску-Падляскім, што непадалёк ад Беластоку, паводле закону аб дэкамунізацыі хочуць перайменаваць вуліцу імя Браніслава Тарашкевіча. Беларускі грамадзкі дзеяч і аўтар граматыкі беларускай мовы, якога расстралялі камуністы, можа стаць ахвярай дэкамунізацыі. Але рашэньне яшчэ не прынятае.

Радыё Свабода, 18 лістапада 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/116/41173
Текущая дата: 17.11.2024