Белорусский портал в Казахстане

Дырэктар "Белсата": Існаванню тэлеканала нічога не пагражае



Пра гэта дырэктар тэлеканала паведаміла 5 студзеня па выніках сваёй сустрэчы з польскім прэм`ерам.

Прэм`ер-міністр Польшчы Беата Шыдла запэўніла дырэктара "Белсата" Агнешку Рамашэўску-Гузы ў тым, што існаванню тэлеканала нічога не пагражае.

"Думаю, што вы, як і я, будзеце задаволеныя навіной, якую я хачу распавесці: так, прэм`ер-міністр запэўніла мяне і прасіла перадаць, што існаванню "Белсата" нічога не пагражае. Найбліжэйшы месяц мы прысвецім усталяванню далейшых правілаў супрацоўніцтва з Міністэрствам замежных спраў", — напісала Рамашэўска-Гузы ўвечары 5 студзеня ў "Фэйсбуку".

Яна дадала, што размова была пазітыўнай і прыязнай.

Пра падрабязнасці сустрэчы дырэктар тэлеканала не паведамляе. Звязацца з ёй па тэлефоне для каментара не атрымліваецца.

Навіна аб тым, што "Белсат" працягне працу, з`явілася пасля таго, як сёння на брыфінгу ў беларускім МЗС было паведамлена, што Мінск і Варшава пакуль не дамовіліся пра вяшчанне тэлеканала "Polonia Культура" на тэрыторыю Беларусі.

Пра тое, што МЗС Польшчы скарачае на дзве траціны фінансаванне "Белсата", і аб магчымым пераводзе тэлеканала на рускамоўнае вяшчанне Агнешка Рамашэўска-Гузы паведаміла 15 снежня 2016 года польскаму выданню wPolityce.pl. Навіна выклікала шырокі грамадскі рэзананс у Беларусі.

Міністр замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі пазней расказаў пра планы польскага ўрада аб`яднаць усе замежныя рэдакцыі TVP Polonia ў адну. Ён запэўніў, што беларуская рэдакцыя "Белсата" не будзе зачыненая, а Агнешцы Рамашэўскай-Гузы "прапанаваная праца ў TVP Polonia на высокай пасадзе".

"Журналісты беларускай рэдакцыі атрымаюць магчымасць далейшай працы. Яны змогуць працягнуць працу над парталам і ствараць матэрыялы для TVP Polonia", — сказаў кіраўнік польскага МЗС.

Польскае выданне bankier.pl 29 снежня паведамілі, што Вашчыкоўскі пацвердзіў скарачэнне фінансавання "Белсата". Чыноўнік заявіў, што прычынай таму павелічэнне выдаткаў на польскія консульскія службы і на падтрымку сірыйскіх бежанцаў. Ён пры гэтым падкрэсліў, што польскі ўрад з`яўляецца не ўладальнікам "Белсата", а толькі адным з донараў, і тэлеканал мае магчымасць шукаць іншыя крыніцы фінансавання.

Вашчыкоўскі таксама заяўляў пра "дамоўленасці з беларусамі, што яны распаўсюдзяць на тэрыторыі Беларусі тэлебачанне "Polonia Культура".

3 студзеня намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Шыманскі ў інтэрв`ю радыёстанцыі Polskie Radio 24 заявіў, што скарачэнне фінансавання тэлеканала "Белсат" не звязанае з палітыкай, а лёс тэлеканала не з`яўляецца прадметам гандлю з беларускімі ўладамі.

Спадарожнікавы беларускамоўны тэлеканал "Белсат" вяшчае на Беларусь з 10 снежня 2007 года. Ён створаны як структурнае падраздзяленне Польскага тэлебачання, рэдакцыя "Белсата" размяшчаецца ў Варшаве.

Аляксей Аляксандраў
БелаПАН, 5 студзеня 2017

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/128/38368
Текущая дата: 17.11.2024