Белорусский портал в Казахстане

Пілатуемы касмічны карабель "Саюз МС-03" паспяхова выйшаў на арбіту



Пра гэта паведаміў ТАСС прадстаўнік дзяржкарпарацыі "Раскосмас".

Касмічны карабель "Саюз МС-03" з трыма членамі экіпажа, які стартаваў з касмадрома Байканур, паспяхова выйшаў на каляземную арбіту і ўзяў курс да Міжнароднай касмічнай станцыі.

"Адбылося аддзяленне карабля ад трэцяй прыступкі ракеты-носьбіта "Саюз-ФГ", - сказаў субяседнік агенцтва.

На борце знаходзяцца беларус Алег Навіцкі (камандзір карабля), амерыканка Пэгі Уітсан і астранаўт Еўрапейскага касмічнага агенцтва Тама Песке. Гэта экспедыцыя з`яўляецца юбілейнай - гэта ўжо 50-ы старт да МКС.

Лётчык-касманаўт Герой Расіі Алег Навіцкі на час экспедыцыі ўзяў з сабой дзяржаўны сцяг Беларусі і даставіць на Міжнародную касмічную станцыю ў знак пашаны і павагі да роднай зямлі, блізкіх людзей.

Алег Навіцкі з`яўляецца ўраджэнцам горада Чэрвень Мінскай вобласці. Старт стаў яго другім палётам у космас. Першы раз ён знаходзіўся на арбіце з 23 кастрычніка 2012 года па 16 сакавіка 2013 года ў якасці камандзіра карабля "Саюз ТМА-06М".

За гады работы Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў у Зорным гарадку прайшлі падрыхтоўку больш за тысячу касманаўтаў з розных краін, з іх тры беларусы: Пётр Клімук, Уладзімір Кавалёнак і Алег Навіцкі.

18 лістапада 2016, Байканур
БЕЛТА - ТАСС

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/131/37588
Текущая дата: 06.10.2024