Белорусский портал в Казахстане

Алесь Бадак: Чытачы паўсюль падобныя



У Астане (Казахстан) прайшла Еўразійская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш «Eurasіan Book Faіr-2016», дзе Рэспубліка Беларусь была ганаровым госцем.

Пра выстаўку, стасункі беларускіх і казахскіх кнігавыдаўцоў і пісьменнікаў расказвае адзін з удзельнікаў выстаўкі — дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» паэт, празаік, перакладчык, літаратурны крытык Алесь Бадак.

— Алесь Мікалаевіч, выстаўка ў Казахстане, дзе Беларусь была ганаровым госцем, — адлюстраванне сітуацыі з кнігавыданнем толькі ў цэнтральнаазіяцкім рэгіёне ці ўвогуле адлюстраванне кніжнай сітуацыі ў свеце?

— Пра адлюстраванне кніжнай сітуацыі ў свеце можна гаварыць у дачыненні да выстаўкі, якая мае багаты вопыт і традыцыі, пастаянна кантактуе з кнігагандлёвымі і выдавецкімі арганізацыямі з розных краін свету. Кніжная выстаўка ў Астане праходзіла ўпершыню, і многае, што называецца, рабілася з нуля. Тым не менш у ёй прынялі ўдзел паўтара дзясятка краін свету — у тым ліку, напрыклад, Германія, Польшча, Кітай, Грэцыя... І, галоўнае, арганізатары вельмі пастараліся, каб кожны дзень выстаўкі быў насычаным і разнастайным.

— Калі параўнаць, наколькі вартасна выглядае Беларусь на такіх выстаўках?

— На міжнародных кніжных выстаўках Беларусь заўсёды выглядае вельмі прадстаўніча. У нас традыцыйна багаты на кніжныя навінкі стэнд (напрыклад, у Астане на ім было прадстаўлена больш за 500 кніг), мы прымаем актыўны ўдзел у розных мерапрыемствах, што праходзяць у рамках выстаўкі. Прычым, нярэдка на іх можна не толькі пабачыць і пачуць нашых выдаўцоў ці пісьменнікаў, але і паслухаць беларускія песні. У Астане нам дапамагаў мясцовы фальклорны гурт «Вясёлка», удзельнікі якога — беларусы, што стала жывуць у Казахстане.

— Ці знайшліся ў час выстаўкі новыя падказкі, кантакты, якія дапамогуць і ў нас нешта рэалізоўваць, прасоўваць?

— Безумоўна. Напрыклад, я прымаў удзел у міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Еўразійства ў кантэксце кніжнай культуры і гуманітарнага супрацоўніцтва», якая ў рамках выстаўкі праходзіла ў Еўразійскім нацыянальным універсітэце імя Л.М. Гумілёва і дзе падымаліся вельмі актуальныя праблемы сучаснага кнігавыдання. Тады ж паміж выдавецтвам «Мастацкая літаратура» і ЕНУ быў падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве.

Пасля, дарэчы, былі непасрэдныя кантакты паміж выдаўцамі і пісьменнікамі розных краін, што, я ўпэўнены, у хуткім часе прынясе свой плён. Ну вось хоць бы адзін прыклад. «Мастацкая літаратура» мяркуе ў наступным годзе выдаць чатырохтомны зборнік казак сучасных беларускіх і замежных пісьменнікаў.

Гэта важна, каб чытач ужо з дзяцінства праз казку далучаўся да культуры, звычаяў розных народаў. Такое далучэнне спрыяе ўзаемаразуменню і ўзаемапавазе. І падчас выстаўкі атрымалася заручыцца падтрымкай і выдаўцоў, і перакладчыкаў некаторых краін у рэалізацыі гэтага праекта.

— Чым адрозніваецца, на ваш погляд, чытач, наведвальнік выстаўкі ў Астане ад нашых чытачоў у Мінску?

— Мне здаецца, што чытач ва ўсім свеце аднолькавы. А галоўнае, радуе тое, што актыўнасць у наведванні праяўляе малады чытач. Гэта можна сказаць і пра нашу, мінскую кніжную выстаўку, і пра франкфурцкую. Так было і ў Астане. Значыць, будучыня у кнігі ёсць.

— Як вы лічыце, якім чынам павінны развівацца кантакты паміж выдаўцамі Беларусі і Казахстана?

— Калі гаварыць пра выдаўцоў і з таго і з другога боку, якія займаюцца выпускам мастацкай літаратуры, то, безумоўна, наша задача ў гэтым плане — як мага шырэй знаёміць чытачоў з лепшымі ўзорамі як класічнай, так і сучаснай нацыянальнай літаратуры. І тут Беларусь не першы год паказвае цудоўны прыклад. Толькі ў апошнія гады, дзякуючы Выдавецкаму дому «Звязда», выйшла кніга Абая «Стэпавы прастор», у серыі «Созвучие сердец» — зборнік твораў сучасных пісьменнікаў Беларусі і Казахстана «Не ведая границ», у якім мы сустракаем імёны Мухтара Аўэзава, Фарызы Унгарсынавай, Мукагалі Макатаева, Кадыра Мурзаліева і многія іншыя.

Да гэтага спісу нельга не дадаць тры кнігі вядомага казахстанскага пісьменніка Немата Келімбетава ў перакладзе на беларускую мову. Хочацца спадзявацца, што неўзабаве і кнігі з творамі нашых пісьменнікаў з`явяцца на казахстанскім кніжным рынку. Для пачатку можна было б падумаць пра сумесны кніжны праект: напрыклад, пра том сучаснай беларускай і казахскай прозы, частка тыражу якога друкуецца ў Мінску, частка — у Астане. Але для гэтага мала чыёйсьці ініцыятывы. Хочацца спадзявацца і на падтрымку Саюза пісьменнікаў Казахстана, і на выдавецкую зацікаўленасць — скажам, таго ж найбуйнейшага ў Казахстане выдавецтва «Фолиант», якое выступіла арганізатарам кніжнай выстаўкі, і з кіраўніцтвам якога ў нас склаліся добрыя адносіны.

— Ці абмяркоўваліся ў час выставачных мерапрыемстваў пытанні выжывання кнігі?

— Несумненна, разглядаліся. На пленарным пасяджэнні навукова-практычнай канферэнцыі «Еўразійства ў кантэксце кніжнай культуры і гуманітарнага супрацоўніцтва» першым праблему выжывання папяровай кнігі і наступ на яе кнігі электроннай і ўвогуле інтэрнэту падняў наш таджыкскі калега пісьменнік і выдавец Ато Хамдам. І гэтая праблема пасля закраналася ў многіх выступленнях. Але кожны з выступоўцаў, а значыць, кожная краіна, прадстаўленая на канферэнцыі, усё ж глядзяць у будучыню з аптымізмам: папяровай кнізе жыць. Як і сур`ёзнай літаратуры, як бы яе ні імкнулася выцесніць літаратура масавая і бульварная.

Ведаеце, у гасцініцы, у якой я жыў у Астане, сярод персаналу ёсць дзяўчына — Гульнара Едзяшова. Яна піша апавяданні, адно з якіх папрасіла мяне прачытаць. Здавалася б, сёння, калі ты хочаш дамагчыся вядомасці ў пісьменніцкай справе, пішы так, як піша Дар`я Данцова. Але Гульнара разважае ў сваім апавяданні пра тое, як зрабіць, каб мы, людзі, станавіліся больш добрымі, больш спагадлівымі адзін да аднаго. І ўвогуле, як нам выжываць на гэтай зямлі, як не знішчыць саміх сябе.

І пакуль сярод маладых аўтараў будуць тыя, хто бярэцца за такія сур`ёзныя тэмы, ёй, сур`ёзнай літаратуры, нічога не пагражае.

Аўтар: Кастусь Ладуцька
Звязда, 30 лістапада 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/131/37802
Текущая дата: 17.11.2024