Белорусский портал в Казахстане

СБУ заяўляе, што не давала ніякіх указанняў адносна баявой авіяцыі для вяртання самалёта "Белавія"



Пра гэта 1 лістапада рэсурсу 112.ua заявіла прэс-сакратар СБУ Алена Гітлянская, каментуючы публікацыю ў беларускіх СМІ расшыфроўкі перамоў паміж пілотамі борта "Белавія" і ўкраінскім дыспетчарам.

Служба бяспекі Украіны не давала указанняў падняць у паветра ваенную авіяцыю ў выпадку адмовы экіпажа самалёта "Белавія" вярнуцца ў аэрапорт Кіева Жуляны. 

"Мы ніякіх указанняў адносна знішчальнікаў не давалі і даваць не маглі. Гэта абсурд. У той жа час мы азнаёміліся з расшыфроўкамі. Мы не прысутнічалі на перамовах, і я не магу распісвацца за "Украэрарух". Цалкам магчыма, што гэта спрацаваў чалавечы фактар і гэта выдумка, чалавек перастараўся", — падкрэсліла Гітлянская.

1 лістапада беларускія дзяржаўныя СМІ апублікавалі расшыфроўку перамоў борта "Белавія" і ўкраінскага дыспетчара. Згодна з ёй дыспетчар даў беларускаму экіпажу наступнае ўказанне: "Белавія-840", паступіла ўказанне: вам трэба, неабходна вярнуцца на аэрадром вылету Жуляны. За невыкананне будзе паднятая баявая авіяцыя на перахоп".

Дадзенае ўказанне дыспетчарам было растлумачана так: "Белавія-840", кажа кіраўнік палётаў. Інфармацыя аб вашым вяртанні на аэрадром Жуляны паступіла ад ваеннага кіраўніцтва. Даклад больш дэталёвы вам скажуць пасля пасадкі ".

Нагадаем, самалёт "Боінг 737-800" (бартавы нумар EW-456PA) авіякампаніі "Белавія", які выконваў рэйс В2-840 па маршруце Жуляны (Кіеў) — Мінск, 21 кастрычніка 2016 года быў вернуты ў аэрапорт вылету па патрабаванні Службы бяспекі Украіны. Экіпажу было заяўлена, што ў выпадку невыканання каманды ў паветра будуць паднятыя знішчальнікі.

У выніку праваахоўныя органы Украіны знялі з рэйса "Белавія" аднаго пасажыра — грамадзяніна Арменіі Армена Марцірасяна. Пасля праверкі ён быў адпушчаны і паляцеў у Беларусь наступным рэйсам.

МЗС Беларусі ў сувязі з інцыдэнтам заявіла пратэст і ўручыла ноту Украіне ў сувязі з прымусовай пасадкай у Кіеве беларускага лайнера. Беларускі бок запатрабаваў кампенсацыі ўсіх фінансавых затрат і выдаткаў.

Аляксандр Ванковіч, БелаПАН
Мінск, 1 лістапада 2016

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/132/37469
Текущая дата: 17.11.2024