Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перамовах у пашыраным складзе з Прэзідэнтам Экватарыяльнай Гвінеі Тэадора Абіангам Нгема Мбасога пацвердзіў гатоўнасць прадаставіць комплексныя рашэнні для развіцця гэтай краіны.
«Беларусь мае досвед механізацыі і індустрыялізацыі сельскай гаспадаркі, наша тэхніка, тэхналогіі простыя і надзейныя. Мы выпускаем шырокі спектр машын і абсталявання для іншых галін эканомікі. Упэўнены, што наша грузавая, аўтобусная, дарожна-будаўнічая, камунальная, пажарная, кар’ерная, лесанарыхтоўчая тэхніка будзе запатрабаванай пры рэалізацыі пастаўленых кіраўніцтвам Экватарыяльнай Гвінеі задач па паляпшэнні сацыяльна-эканамічных паказчыкаў і павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва. Мы ведаем аб патрэбнасці ў комплексных рашэннях і гатовыя іх даць», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў хуткае развіццё супрацоўніцтва ў сферы аховы здароўя. Беларускія спецыялісты прыступілі да навучання персаналу ў бальніцах Экватарыяльнай Гвінеі. «Мы ўжо пачалі і далей гатовыя перадаваць досвед і веды ў кіраванні бальнічнымі комплексамі, арганізацыі першаснай медыцынскай дапамогі вашаму насельніцтву, падрыхтоўцы кадраў, фармацэўтыцы. Гатовы паручыцца, што вынікі вас уразяць», — сказаў прэзідэнт.
Ён таксама заявіў аб неабходнасці актыўна выкарыстоўваць магчымасці гуманітарнай сферы — адукацыя, навука, спорт, турызм, культура, — каб яшчэ больш зблізіць народы дзвюх краін.
У сваю чаргу беларускі бок зацікаўлены ў пастаўках гвінейскага какава, трапічных гародніны і садавіны, сумеснай перапрацоўцы рыбнай прадукцыі.
«Беларусь гатовая стаць для вашай краіны мостам у Еўразію. Разлічваем на вашу сустрэчную падтрымку ў рамках Афрыканскага саюза і іншых інтэграцыйных аб’яднанняў. Перакананы, гэта будзе спрыяць росту дзелавой актыўнасці», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сумесная праца бізнес-колаў і нацыянальных гандлёва-прамысловых палат павінна стаць ключавым звяном у працэсе выбудоўвання і фармавання новых устойлівых бізнес-сувязяў. «Мы адкрытыя для дыялогу па ўсіх пытаннях, якія цікавяць, і гатовыя да прадметнага абмеркавання ўсіх напрамкаў узаемадзеяння», — запэўніў беларускі лідар.
Звязда, 10 снежня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/14/71735
Текущая дата: 24.12.2024