Белорусский портал в Казахстане

Лета ў гэтым годзе будзе цяплейшым, чым звычайна



Аб гэтым паведаміў 10 чэрвеня на брыфінгу "Надвор`е на лета" начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Дзмітрый Рабаў

"Лета ў гэтым годзе чакаецца цяплейшым, чым звычайна. Пакуль самае гарачае лета было ў 2010 годзе, тады зафіксавана анамальная гарачыня. Пакуль гаварыць аб анамальных рэкордах у бягучым годзе не будзем. Папярэдне можна сказаць, што такіх доўгіх засушлівых перыядаў, як у 2010 годзе, не прагназуецца", - адзначыў Дзмітрый Рабаў.

Колькасць ападкаў гэтым летам чакаецца крыху большай за норму, якая ў сярэднім складае 244 мм. "Будзем спадзявацца, што лета ў гэтым годзе нас парадуе", - сказаў ён.

Гаворачы аб умовах надвор`я ў чэрвені, начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Гідрамета адзначыў, што тэмпература паветра на большай частцы тэрыторыі чакаецца каля кліматычнай нормы. Па поўдні сярэдняя тэмпература прагназуецца вышэй за кліматычную норму. Колькасць ападкаў мяркуецца каля сярэдніх шматгадовых значэнняў. Да канца месяца будзе пераважаць няўстойлівы характар надвор`я - гарачыня будзе чаргавацца з дажджамі.

"Калі гаварыць пра ліпень, то сярэдняя тэмпература паветра будзе расці ад першай дэкады да трэцяй. Гэты месяц будзе цяплейшы за чэрвень на 1-2 градусы, і ён чакаецца цяплейшым, чым звычайна, сярэдняя тэмпература паветра прагназуецца на 0,5 градуса вышэй за кліматычную норму, якая складае 17-19 градусаў цяпла. Месячная колькасць ападкаў мяркуецца на большай частцы краіны каля кліматычнай нормы, толькі па паўночным захадзе ападкаў будзе крыху больш. Усяго ў ліпені будзе ад 12 да 16 дзён з ападкамі. Прагназуем моцныя дажджы, навальніцы, шквалісты вецер - поўны набор неспрыяльных з`яў надвор`я", - падкрэсліў Дзмітрый Рабаў.

Жнівень у гэтым годзе чакаецца крыху цяплейшым, чым звычайна - на 0,5 градуса. "Норма для жніўня - 16-17 градусаў цяпла.

Колькасць ападкаў мяркуецца крыху большай за норму на ўсёй тэрыторыі, толькі па поўначы краіны ападкаў будзе крыху менш. Жнівень прагназуецца цёплым, але дажджлівым", - сказаў ён.

10 чэрвеня 2015, Мінск
Святлана Міховіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/152/31415
Текущая дата: 06.10.2024