Белорусский портал в Казахстане

Пагадненне аб міжнародным роўмінгу ў ЕЭС плануецца падпісаць вясной 2015 года



Аб гэтым 27 студзеня паведаміў ў час сустрэчы з міністрам сувязі і масавых камунікацый Расіі Мікалаем Нікіфаравым першы намеснік міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі Дзмітрый Шадко.

"Фарміраванне адзінага рынку паслуг сувязі прадвызначана стварэннем Еўразійскага эканамічнага саюза. У 2015 годзе на стадыю фінальнай падрыхтоўкі выйдзе пытанне міжнароднага роўмінгу. Вясной у Маскве ўжо будзе падпісана першае пагадненне па гэтым пытанні", - адзначыў ён.

Паводле слоў Дзмітрыя Шадко, пытанне міжнароднага роўмінгу вырашаецца паступова, і дакладна гаварыць, калі паслуга будзе даступна абанентам, пакуль рана. "Да 2020 года гэта дакладна адбудзецца, бо да гэтага часу ў нас павінен быць ужо створаны адзіны рынак паслуг сувязі", - растлумачыў ён.

"Пагадненне будзе ахопліваць не толькі краіны Мытнага саюза, але і некаторыя краіны СНД - тыя, якія захочуць да нас далучыцца", - падкрэсліў Дзмітрый Шадко.

Стварэнне адзінага рынку паслуг сувязі прадугледжвае комплекс сумесных рашэнняў - гэта трансгранічная перадача даных, стварэнне аднолькавых умоў для прадпрыемстваў, якія хочуць працаваць на рынку сувязі адной з краін Мытнага саюза, фарміраванне тарыфаў, выкарыстанне новых тэхналогій, прыродных рэсурсаў, напрыклад, радыёчастотнага спектра, фарміраванне агульных правіл па абароне правоў спажыўцоў.

27 студзеня 2015, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/161/29250
Текущая дата: 16.11.2024