Беларускія банкі 9 студзеня ўстанавілі курсы куплі-продажу замежных валют, якія адрозніваюцца ад афіцыйных каціровак Нацбанка не больш як на 2%.
Прытрымлівацца такой курсавой палітыкі рэкамендаваў камерцыйным банкам Нацыянальны банк на нарадзе 8 студзеня.
Згодна з новымі каціроўкамі, якія банкі ўстанавілі раніцай 9 студзеня, максімальны курс продажу долара склаў у абменных пунктах 14.035 рублёў, што на 2% вышэй за афіцыйны (13.760 рублёў). Курс продажу еўра таксама на 2% адрозніваецца ад афіцыйнага і склаў 16.565 рублёў.
"Курсавыя абмежаванні маюць рэкамендацыйны характар. Аднак рэкамендацыі Нацбанка, як правіла, выконваюцца пераважнай большасцю банкаў і маюць хутчэй абавязковы да выканання характар", — адзначыў прадстаўнік аднаго з банкаў.
На думку банкіраў, абмежаванні на ваганні курсаў валют, устаноўленыя рэгулятарам на наяўным рынку, скіраваныя на тое, каб выключыць множнасць курсаў беларускага рубля.
"З часоў узаемадзеяння Нацбанка з МВФ востра была ўзнятая праблема множнасці курсаў, і тады ў якасці адной з умоў давання фінансавання фонд выставіў такую — недапушчэнне множнасці курсаў рубля. Ваганні курсу ад афіцыйнага ў памеры плюс-мінус 2% — гэта дапушчальны калідор, які не выклікае ў крэдытораў пытанняў адносна множнасці курсаў беларускага рубля", — падкрэсліў прадстаўнік аднаго з банкаў.
Нагадаем, пасля ўвядзення Нацбанкам 19 снежня 30-працэнтнага валютнага збору ў Беларусі ўтварылася множнасць курсаў рубля. Беларускія бізнес-саюзы ў канцы 2014 года заявілі, што такая сітуацыя адмоўна адбіваецца на дзейнасці прадпрыемстваў, і заклікалі ўжо 1 студзеня правесці афіцыйную дэвальвацыю і вярнуцца да адзінага курсу рубля.
8 студзеня Нацыянальны банк аб`явіў пра поўную адмену валютнага збору, памер якога з 29 снежня паступова зніжаўся. У выніку прынятых рашэнняў афіцыйны курс долара дасягнуў 13.760 рублёў (18 снежня, да ўвядзення 30-працэнтнага валютнага збору, афіцыйны курс долара складаў 10.880 рублёў). Такім чынам, за апошнія тры тыдні афіцыйны курс долара ў Беларусі вырас на 26,5%.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 9 студзеня 2015
Мінск, 9 студзеня 2015
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/165/28918
Текущая дата: 25.12.2024