Белорусский портал в Казахстане

ММЗ і амерыканская кампанія Meridican плануюць сумесна распрацаваць рухавік на прыродным газе



13 жніўня кіраўнікі гэтых двух прадпрыемстваў правялі перагаворы ў беларускім урадзе з прэм`ер-міністрам Міхаілам Мясніковічам.

Мінскі маторны завод (ММЗ) і амерыканская кампанія Meridican плануюць сумесна распрацаваць рухавік на прыродным газе. Аб гэтым паведаміў журналістам генеральны дырэктар ААТ "Кіруючая кампанія холдынга "Мінскі маторны завод" Мікалай Лобач.

"Амерыканскі кантынент нам важны, таму што там знаходзяцца даволі магутныя маторабудаўнічыя кампаніі, але разам з тым амерыканская кампанія Meridican выбірае нас у якасці раўнапраўнага партнёра. Плануецца не толькі продаж нашай прадукцыі на амерыканскі рынак, але і перавод аўтамабільнай тэхнікі на газавае паліва, гэта значыць нам партнёры прапанавалі сваю інжынірынгавую распрацоўку выпуску рухавікоў на газавым паліве", - адзначыў кіраўнік ММЗ.

Мікалай Лобач растлумачыў, што супрацоўніцтва будзе праходзіць у два этапы. Першы этап прадугледжвае продаж дызельных рухавікоў ММЗ на рынак ЗША, а другі - выраб газавых рухавікоў па сумеснай распрацоўцы. Што датычыцца паставак беларускіх дызельных рухавікоў, то першая партыя прадукцыі будзе адгружана ў ЗША ўжо ў гэтым годзе. "Праект разлічаны на даволі значныя аб`ёмы. Першыя лічбы, якія называлі нашы партнёры: у гэтым годзе мы павінны паставіць больш за 2 тыс. рухавікоў розных магутнасцей", - дадаў ён.

Таксама генеральны дырэктар ААТ паведаміў, што ўся прадукцыя ММЗ сертыфікавана і адпавядае экалагічным патрабаванням аўтамабільных стандартаў Еўра-4, цяпер прадпрыемства працуе над адпаведнасцю патрабаванням Еўра-5 і стандартамі ЕРА, якія ў тым ліку неабходны для рынку ЗША.

Выканаўчы дырэктар амерыканскай кампаніі Meridican Джон Джозэф Галахер у сваю чаргу паведаміў, што плануецца падпісанне з ММЗ пратакола аб намерах, які прадугледжвае доўгатэрміновае супрацоўніцтва па асваенні амерыканскага рынку. "Мы ўчора былі на Мінскім маторным заводзе, ацанілі якасць прадукцыі і як там наладжана вытворчасць. Таму мы тут і хочам супрацоўнічаць з гэтым вытворцам", - сказаў ён.

Кампанія зацікаўлена ва ўзаемадзеянні з Беларуссю і па іншых напрамках. Сярод іх - энергетыка, нафтагазавы сектар і ядзерная энергетыка.

Прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на перагаворах двух бакоў ва ўрадзе адзначыў, што гэты праект, які плануюць рэалізаваць ММЗ і кампанія Meridican, мае добрыя перспектывы. "Мы ведаем аб поспехах кампаніі Meridican, Мінскі маторны завод таксама даволі ўпэўнена дэманструе сваё развіццё. Я думаю, што вы будзеце цікавымі адзін аднаму партнёрамі", - падкрэсліў ён.

Таксама кіраўнік урада лічыць, што гэты праект можа стаць тэмай для абмеркавання на беларуска-амерыканскім інвестыцыйным форуме, які плануецца правесці ў верасні бягучага года. "Калі кампанія Meridican прырасце дадатковымі праектамі з іншымі беларускімі прадпрыемствамі, мы будзем вельмі рады, таму што гэта інавацыйнае супрацоўніцтва", - дадаў Міхаіл Мясніковіч.

Першы беларуска-амерыканскі інвестыцыйны форум плануецца правесці 22 верасня бягучага года ў Нью-Ёрку. У форуме прымуць удзел прадстаўнікі Банка развіцця, Міністэрства фінансаў, Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, Нацыянальнага банка Беларусі, Парка высокіх тэхналогій і кампаніі па развіцці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка. Акрамя таго, запрашэнні накіраваны больш як 500 патэнцыяльным удзельнікам.

13 жніўня 2014, Мінск
Кацярына Марковіч - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/172/27169
Текущая дата: 26.12.2024