Белорусский портал в Казахстане

Беларускі касманаўт прызямліўся ў Казахстане



16 сакавіка ў Казахстане прызямлілася капсула пілятаванага касьмічнага карабля «Союз ТМА-06М». Як паведамляюць у Цэнтры кіраваньня палётамі, падзея прайшла ў штатным рэжыме.

У складзе інтэрнацыянальнага экіпажу зь Міжнароднай касьмічнай станцыі вярнуўся на Зямлю і ўраджэнец Беларусі Алег Навіцкі. У ліку іншых — касманаўт «Роскосмоса» Яўген Тарэлкін і амэрыканскі астранаўт НАСА Кевін Форд. З-за ўмоў надвор’я падзею давялося адтэрмінаваць на суткі.

Міжнародная экспэдыцыя з касмадрому Байканур стартавала яшчэ 23 кастрычніка мінулага году. Такім чынам, у космасе экіпаж правёў амаль пяць месяцаў.

Інтарэс да збольшага шараговай падзеі падагрэла нямалаважная акалічнасьць — у складзе касьмічнай экспэдыцыі быў 42-гадовы Алег Навіцкі, які нарадзіўся ў горадзе Чэрвень Менскай вобласьці. Упершыню за тры дзясяткі гадоў у космас зноў паляцеў беларус — пасьля Пятра Клімука і Ўладзімера Кавалёнка.

Зрэшты, па гарачых сьлядах аналітыкі выказвалі меркаваньне: да падрыхтоўкі Навіцкага, які выправіўся ў космас пад расейскім сьцягам, беларускі бок ня мае ніякага дачыненьня. Аднак журналістка Юлія Навіцкая, жонка касманаўта, у размове са Свабодай падкрэсьліла: Алег Навіцкі увесь час акцэнтуе ўвагу на тым, што быў і заўсёды будзе беларусам:

«Вельмі прыемна, што падзея не засталася незаўважанай у яго на радзіме. Алег сапраўды ўвесь час падкрэсьлівае, што душой ён беларус і беларус па нацыянальнасьці. Але пры гэтым зьяўляецца грамадзянінам Расейскай Фэдэрацыі, паколькі служыў у расейскай арміі і цяпер жыве на тэрыторыі Расеі.»

Скончыўшы школу ў Чэрвені, 17-гадовы Алег Навіцкі паступіў у Барысаглебскую вышэйшую ваенную авіяцыйную вучэльню імя Чкалава, адкуль у 1994-м быў выпушчаны з кваліфікацыяй «лётчык-інжынэр». Цягам 10 гадоў служыў у Паўночна-Каўкаскай ваеннай акрузе, ваяваў у Чачні. У 2006-м, пасьля заканчэньня Ваенна-паветранай акадэміі імя Гагарына, залічаны кандыдатам у касманаўты.

Радыё Свабода, 16 сакавіка 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/188/19922
Текущая дата: 27.11.2024