Белорусский портал в Казахстане

Славенія спрабавала лабіраваць неўключэнне Юрыя Чыжа і групы кампаній "Трайпл" у спіс беларускіх прадпрыемстваў і асоб, у дачыненні да якіх дзейнічаюць санкцыі Еўрасаюза



Пра гэта піша бельгійскае выданне EUobserver са спасылкай на свае крыніцы.

"Любляна падняла чырвоны сцяг на 11-й гадзіне перамоў у Бруселі на гэтым тыдні перад сустрэчай 27 лютага міністраў замежных спраў, якія павінны зацвердзіць рашэнне (аб пашырэнні санкцый. — БелаПАН.)", — паведамляе выданне.

Пры гэтым прэс-афіцэр прадстаўніцтва Славеніі ў Бруселі Урас Махавец 24 лютага адмаўляў, што Славенія наклала вета на пытанне аб пашырэнні санкцый, і адзначыў, што шэраг іншых краін — удзельнікаў ЕС таксама стрымана ставяцца да гэтай тэмы.

"Гэта не вета, перамовы працягваюцца. Мы не можам нічога каментаваць цяпер, рашэнне будзе прынята ў панядзелак падчас сустрэчы міністраў замежных спраў", — заявіў ён EUobserver.

У той жа час дыпламат адной з краін, якая выступае за пашырэнне санкцый краін ЕС, паведаміў выданню, што афіцыйнае меркаванне Славеніі заключаецца ў тым, што ўключэнне Чыжа ў чорны спіс ЕС дазволіць Расіі атрымаць перавагі пры ўдзеле ў тэндарах у Беларусі і пашкодзіць свабоднай рыначнай канкурэнцыі.

Пры гэтым суразмоўца выдання дадаў, што рэальная прычына, хутчэй за ўсё, заключаецца ў тым, што славенская кампанія Riko Group нядаўна выйграла тэндар на будаўніцтва ў супрацоўніцтве з групай кампаній "Трайпл", уладальнікам якой з`яўляецца Чыж.

Паводле інфармацыі EUobserver, Славенія першапачаткова лабіравала неўнясенне ў чорны спіс ЕС Чыжа, але калі гэта не атрымалася, заблакавала ўвесь новы спіс, куды ўваходзяць галоўным чынам чыноўнікі, адказныя за змяшчэнне ў турму актывістаў апазіцыі і дрэннае абыходжанне з імі.

"Ідэя аб існаванні нібы свабоднага рынку ў Беларусі з`яўляецца жартам — усім вядома, што рэжым кантралюе любую камерцыйную дзейнасць у краіне, — сказаў суразмоўца EUobserver. — Але ўсё гэта можа падарваць магчымасці ЕС у той час, калі Лукашэнка смяецца з усіх нашых спробаў аказаць на яго націск".

Як адзначае EUobserver, у групы кампаній "Трайпл" наладжаны шырокія дзелавыя сувязі з Латвіяй, Літвой, Германіяй, Нідэрландамі і Польшчай, што робіць уразлівым спробы ўнесці "Трайпл" у чорны спіс ЕС.

EUobserver нагадвае, што ў Беларусі ў турмах цяпер знаходзяцца 12 палітзняволеных. Акрамя таго, адзначае выданне, санкцыі ЕС таксама скіраваныя на тое, каб дамагчыся памілавання прыгавораных да смяротнай кары па абвінавачванні ў тэрарызме Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва.

Як раней паведамляў БелаПАН, славенская кампанія Riko Group выступіць генпадрадчыкам будаўніцтва шматфункцыянальнага пяцізоркавага гасцінічнага комплексу "Кемпінскі" ў Мінску.

Паводле ўказа прэзідэнта Беларусі, пад будаўніцтва выдзелены ўчастак у квартале праспект Незалежнасці — вуліца Янкі Купалы — рака Свіслач (раён Белдзяржцырка). Комплекс уключае гасцініцу "Кемпінскі" катэгорыі "пяць зорак" плошчай 22 тыс. 765 кв. м, 81 жылое памяшканне плошчай 14 тыс. 431 кв. м, адміністрацыйны будынак (14 тыс. 926 кв. м), дапаможныя памяшканні і паркінг (23 тыс. 411 кв. м).

Будаўніцтва гасцініцы "Кемпінскі" ацэнена ў 57 млн. еўра, у той час як кошт узвядзення ўсяго комплексу складае больш за 100 млн. еўра. Інвестар забяспечыць палову кошту за ўласныя сродкі, а неабходны крэдыт яму будзе выдзелены кансорцыумам міжнародных банкаў са страхаваннем крэдытных рызык з боку банка SID як страхавога агента славенскай дзяржавы.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 24 лютага 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/218/12474
Текущая дата: 26.11.2024