Белорусский портал в Казахстане

Алесь Міхалевіч затрыманы ўладамі Польшчы па запыце беларускай пракуратуры



Кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года Алесь Міхалевіч затрыманы 12 снежня ў аэрапорце Варшавы.

Як паведаміў палітык у тэлефоннай размове, ён павінен быў ляцець у Лондан на сустрэчу прадстаўнікоў беларускай апазіцыі з брытанскімі палітыкамі, якая павінна прайсці ў МЗС Вялікабрытаніі.

"Пагранічная служба паведаміла, што мяне чакае галоўны камендант польскай паліцыі, каб затрымаць і перадаць у пракуратуру. Зразумела, што гэта зроблена па запыце беларускай пракуратуры", — расказаў Міхалевіч.

"Польская паліцыя не мае да мяне ніякіх прэтэнзій — гэта прэтэнзіі беларускага боку. У Польшчы я магу разлічваць на прававую дапамогу. Я ведаю, што польскія палітыкі і МЗС Польшчы ўжо займаюцца гэтай справай. У любым выпадку, пытанне аб маім вызваленні будзе вырашана. Пытанне ў тым, ці арыштуюць мяне і будуць вызваляць праз суд, або вызваляць без арышту. Пакуль мой статус такі: я прапусціў самалёт на Лондан і праходжу пагранічны кантроль", — сказаў палітык.

Як мяркуе Міхалевіч, гэта, "хутчэй за ўсё, адбылося ў рамках супрацоўніцтва па тым жа міжнародным прававым пагадненні, па якім былі перададзеныя рахункі праваабаронцы Алеся Бяляцкага".

У МЗС Польшчы сітуацыю з затрыманнем Алеся Міхалевіча пакуль не каментуюць.

Нагадаем, Міхалевіч з`яўляецца абвінавачваным па справе аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года (арт. 293 КК). Ён быў затрыманы ў ноч на 20 снежня. 19 лютага яго адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе са следчага ізалятара Камітэта дзяржбяспекі. 28 лютага Міхалевіч правёў прэс-канферэнцыю, на якой паведаміў, што быў вызвалены пасля дачы згоды стаць агентам КДБ. На такі крок, патлумачыў палітык, ён вымушаны быў пайсці "з-за жудасных умоў утрымання ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаванні".

У сакавіку Міхалевіч тайна выехаў з Беларусі, растлумачыўшы гэта "рэальнай фізічнай пагрозай", і праз некалькі тыдняў атрымаў палітычнае прыстанішча ў Чэхіі.

У канцы мая пракуратура Прагі афіцыйна паведаміла Міхалевічу, што  Генеральная пракуратура Беларусі падала запыт на яго экстрадыцыю, і што ён аб`яўлены ў міжнародны вышук па лініі Інтэрпола.

13 кастрычніка гарадскі суд Прагі пастанавіў не выдаваць беларускім уладам апазіцыйнага палітыка, бо не ўпэўнены ў тым, што суд над Міхалевічам у Беларусі будзе справядлівым.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 12 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/224/11149
Текущая дата: 26.11.2024