Белорусский портал в Казахстане

Беларусь асудзілі толькі ў дадатку. І ня ўсе



Удзельнікі саміту "Ўсходняга партнэрства" Эўразьвязу прынялі палітычную дэклярацыю сустрэчы, у якой асуджэньне Беларусі за палітычных вязьняў ды рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці і СМІ было выключанае з асноўнага тэксту і далучанае да яе як дадатак.

Дадатак суправаджаецца заўвагай, што ён быў зацьверджаны толькі прадстаўнікамі краінаў-сяброў Эўразьвязу, а ня ўсімі ўдзельнікамі саміту, то бок не зацьверджаны краінамі-ўдзельнікамі "Ўсходняга партнэрства".

Тэкст дадатку да дэклярацыі адносна Беларусі гучыць так:

«Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў і прадстаўнікі ЭЗ і яго дзяржавы-сябры выказваюць сваю глыбокую заклапочанасьць пагаршэньнем сытуацыі з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам закону ў Беларусі, асуджаюць няспыннае пагаршэньне стану свабоды прэсы ў Беларусі і патрабуюць неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зьняволеных, спыніць рэпрэсіі грамадзянскай супольнасьці і сродкаў масавай інфармацыі ды пачаць палітычны дыялёг з апазыцыяй.

ЭЗ таксама глыбока занепакоены паведамленьнямі аб тым, што зьняволеныя ня маюць кантакту зь сем`ямі і адвакатамі і доступу да мэдычнай дапамогі ды знаходзяцца пад псыхалягічным і фізычным ціскам. ЭЗ неаднаразова прапаноўваў паглыбіць свае адносіны зь Беларусьсю; пацьвярджаючы цяпер сваю палітыку ўзаемадзеяньня, ЭЗ зноў заяўляе, што такое паглыбленьне залежыць ад таго, ці беларускія улады пакажуць прагрэс у пашане дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека».

30 верасьня 2011
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/244/9499
Текущая дата: 25.11.2024