Белорусский портал в Казахстане

Пад Чэрвенем ушанавалі памяць літоўскіх грамадзян, расстраляных НКУС семдзесят гадоў таму



1 ліпеня пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі арганізавала акцыю памінання літоўцаў, якія загінулі ў 1941 годзе ў Чэрвеньскім раёне (Мінская вобласць).

26 чэрвеня 1941 года недалёка ад горада Чэрвеня ваеннаслужачымі НКУС было расстраляна каля дзвюх тысяч грамадзян розных нацыянальнасцяў (у большасці сваёй — беларусаў, палякаў і літоўцаў). У іх ліку было забіта каля ста прадстаўнікоў літоўскай інтэлігенцыі — дыпламаты, ваеннаслужачыя, настаўнікі, дзяржслужачыя, у прыватнасці сігнатар (падпісант) Акта незалежнасці Літвы Казіс Бізаўскас. Для ўвекавечання памяці ахвяр таталітарызму Літоўскі саюз палітычных зняволеных паставіў на месцы трагедыі недалёка ад Чэрвеня мемарыяльны крыж. Тут штогод ушаноўваюць памяць загінулых.

У цырымоніі памінання ахвяр каля мемарыяльнага крыжа ўзялі ўдзел прадстаўнікі парламента Літвы, літоўскага пасольства ў Мінску, Цэнтра даследавання генацыду і супраціўлення жыхароў Літвы і літоўскай абшчыны ў Беларусі.

У інтэрв`ю БелаПАН пасол Літвы ў Беларусі Эдмінас Багдонас расказаў: "Летась мы, пасольства, абнавілі гэты памятны знак. Паводле нашых даных, тут ляжаць некалькі сотняў літоўцаў — абсалютна нявінных людзей. Яны былі этапаваныя энкавэдыстамі з Магілёва, ішлі пешшу, і, наколькі нам вядома, тыя звяры, якія прыглядалі за імі, проста ленаваліся карміць і паіць іх. Людзей проста адвялі ў бок ад дарогі і расстралялі. <…> Мы ўдзячныя мясцовым уладам, якія даглядаюць помнік, выдзелілі суправаджэнне нашай аўтакалоне".

БелаПАН
1 ліпеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/270/7655
Текущая дата: 24.11.2024