Белорусский портал в Казахстане

ЗША не маюць намеру весці торг вакол палітычных зняволеных



Урад Злучаных Штатаў Амерыкі не будзе весці торг вакол палітычных зняволеных, заявіў у інтэрв`ю БелаПАН часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

Ён падкрэсліў, што ў гэтым пытанні пазіцыя ЗША "вельмі дакладная і ясная — вызваленне ўсіх палітзняволеных, зняцце з іх усіх абвінавачанняў і адмена ўсіх прыгавораў".

Каментуючы заяву Аляксандра Лукашэнкі аб магчымасці вызвалення тых, каго судзяць у сувязі з падзеямі 19 снежня, Скэнлан сказаў: "Перш за ўсё, наколькі я зразумеў з гэтай заявы, кажучы пра "гэтак званых палітзняволеных", Лукашэнка падразумяваў толькі экс-кандыдатаў у прэзідэнты. Калі мы кажам пра палітзняволеных у Беларусі, мы маем на ўвазе прыблізна 50 чалавек, якім прад`явілі абвінавачанні ў сувязі з падзеямі 19 снежня і большасць з якіх ужо асуджаны".

Скэнлан нагадаў пра зробленую 27 мая заяву Барака Абамы. Прэзідэнт ЗША, у прыватнасці, заявіў: "Прытрымліваючыся нашых каштоўнасцяў і прынцыпаў, урад Злучаных Штатаў будзе ўводзіць новыя санкцыі ў дачыненні да асобных беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў у дапаўненне да санкцый, візавых абмежаванняў і замарожвання актываў, абвешчаных 31 студзеня. Гэтыя меры скіраваны супраць асоб, адказных за рэпрэсіі..."

"Наша палітыка была, ёсць і будзе заставацца такой", — падкрэсліў Скэнлан.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 3 чэрвеня 2011 

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/278/6922
Текущая дата: 24.11.2024