Белорусский портал в Казахстане

Украінцы пачалі кампанію "За адкрыты ўезд у Рэспубліку Беларусь"



Кіеўскі інфармацыйны цэнтар Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі ініцыяваў ва Ўкраіне грамадзянскую кампанію "За адкрыты ўезд у Рэспубліку Беларусь".

Яна зьвязана з частымі выпадкамі выдварэньня грамадзянаў Украіны і Расеі зь Беларусі на падставе сьпісаў неўязных, паведамляе Міжнародная назіральная місія Камітэта міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

"Любы грамадзянін Украіны, які едзе ў госьці да сваякоў ці, напрыклад, да партнэраў па бізнэсу ў Беларусь, можа патрапіць у сытуацыю, калі яго проста разварочваюць на мяжы. І матывуюць гэта нібыта знаходжаньнем у сьпісах "неўязных". Пры гэтым невядома, хто ўносіць людзей у гэтыя сьпісы, на якой падставе яны туды трапляюць. Таксама незразумела, як можна абскардзіць такое рашэньне. Грамадзяне Ўкраіны ўжо сутыкаліся з гэтай сытуацыяй ", - тлумачыць сукаардынатар Кіеўскага інфармацыйнага цэнтра Марына Цапок.

Пад час кампаніі грамадзяне Ўкраіны будуць слаць звароты ў Міністэрства замежных спраў Украіны і ў пасольства Беларусі ў Кіеве.

"Нагадаем, што прадстаўнік МЗС Беларусі абверг інфармацыю аб наяўнасьці сьпісаў неўязных у Беларусь грамадзянаў Расеі. Аднак менавіта на падставе гэтых сьпісаў людзей працягваюць выдвараць зь Беларусі. Таму мы заклікалі ўкраінцаў высьвятляць, ці існуюць гэтыя сьпісы і ці не знаходзяцца яны ў гэтых сьпісах, паколькі праблема можа закрануць любога чалавека: прадпрымальніка, журналіста, грамадзянскага актывіста альбо чалавека, у якога ёсьць сваякі ў Беларусі ", - адзначыла Марына Цапок.

Актывісты адзначаюць, што кампанія будзе міжнароднай. У яе ўключацца Расея і іншыя краіны СНД, зь якімі Беларусь мае бязьвізавы рэжым.

30 сакавіка 2011
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/296/5551
Текущая дата: 27.11.2024