Белорусский портал в Казахстане

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў законы, якімі ратыфікаваны два пратаколы аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе і Пагадненне аб ажыццяўленні аўдытарскай дзейнасці ў рамках ЕАЭС



Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб ЕАЭС прадугледжвае комплексную карэктоўку дакумента з улікам правапрымяняльнай практыкі (уносіцца больш за 130 правак). У прыватнасці, устараняюцца прабелы прававога рэгулявання, прыводзіцца да аднастайнасці тэрміналогія, якая выкарыстоўваецца ў дагаворы.

Змяненні таксама датычацца пытанняў прымянення антыдэмпінгавых мер у адносінах да трэціх краін, спагнання ўскосных падаткаў і кантролю за іх выплатай, а таксама канкурэнцыі і дзяржаўнага цэнавага рэгулявання.

Еўразійская эканамічная камісія надзяляецца дадатковымі паўнамоцтвамі, у тым ліку праводзіць ацэнку рэгулюючага ўздзеяння праектаў міжнародных дагавораў у рамках ЕАЭС, якія могуць аказаць уплыў на ўмовы вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, узгадняць прадаўжэнне тэрміну дзяржаўнага цэнавага рэгулявання. Пратакол змяшчае вырашэнне шэрага пытанняў, якія ўзнікалі пры адміністраванні ўскосных падаткаў ва ўзаемным гандлі суб`ектаў гаспадарання краін ЕАЭС.

Іншым ратыфікаваным пратаколам уносяцца змяненні ў Дагавор аб ЕАЭС у частцы пенсійнага забеспячэння службовых асоб і супрацоўнікаў ЕЭК і Суда ЕАЭС, якія з`яўляюцца грамадзянамі Расіі.

Прымяненне ў краінах ЕАЭС Пагаднення аб ажыццяўленні аўдытарскай дзейнасці дасць магчымасць сфармаваць у краінах Саюза адзіныя падыходы да рэгулявання аўдытарскай дзейнасці, забяспечыць аказанне і атрыманне аўдытарскіх паслуг без выключэнняў і абмежаванняў, прызнаваць кваліфікацыйныя атэстаты аўдытараў і аўдытарскія заключэнні.

30 верасня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/33/66656
Текущая дата: 19.11.2024