Белорусский портал в Казахстане

Пентагон заявіў, што КНР здольна павялічыць свой ядзерны арсенал у 3-4 разы за 10 гадоў



Кітай можа павялічыць памер свайго ядзернага арсенала за найбліжэйшыя дзесяць гадоў у тры ці чатыры разы. З такім прагнозам выступіў намеснік міністра абароны ЗША па палітычных справах Колін Кол.

«Кітай знаходзіцца ў разгары ашаламляльнага пашырэння свайго ядзернага арсенала, верагодна, павялічваючы яго памер у 3-4 разы за наступнае дзесяцігоддзе», — заявіў намеснік кіраўніка ваеннага ведамства ЗША, выступаючы на канферэнцыі вашынгтонскага Цэнтра за новую амерыканскую бяспеку.

«Перспектыва стаяць твар у твар [адначасова] з дзвюма ядзернымі дзяржавамі — роўнямі ў колькасных і якасных адносінах — стала б новым феноменам. Мы з гэтым у цяперашні час не сутыкаемся, але дзесьці ў 2030-х гадах справа можа ісці менавіта такім чынам», — падкрэсліў Кол. Пад гэтымі двума ядзернымі дзяржавамі ён меў на ўвазе Расію і КНР.

Пры гэтым намеснік міністра сцвярджаў, што ЗША па-ранейшаму разглядаюць уласныя ядзерныя ўзбраенні найперш як сродак стрымлівання.

«Фундаментальная роля нашых ядзерных узбраенняў у тым, каб стрымаць іншыя краіны ад прымянення іх ядзерных узбраенняў. І гэта застаецца фундаментальнай мэтай ядзерных узбраенняў», — сказаў Кол.

«Пакуль існуюць ядзерныя ўзбраенні, вы будзеце хацець таго, каб парог іх прымянення быў настолькі высокі, наколькі гэта магчыма», — запэўніў намеснік кіраўніка Пентагона.

Звязда, 15 чэрвеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/36/65424
Текущая дата: 19.11.2024