У Беларусі выяўлены новы падвід «Амікрона» — ВА.2, або «Стэлс-амікрон». Тыя некалькі пацыентаў, у якіх ён знойдзены, былі вакцынаваныя і перанеслі захворванне лёгка. Па наяўных даных, цяжар «Стэлса» не адрозніваецца ад першага варыянта «Амікрона».
Пры гэтым найбольш яркая клінічная сімптаматыка назіраецца ў людзей, якія не прайшлі вакцынацыю або рэвакцынацыю ад каранавіруса. Таму захоўваецца важнасць своечасовай вакцынацыі, масачнага рэжыму і фізічнага дыстанцыравання. Пра новы падвід каранавіруса расказала начальнік аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.
— У цэлым, захворванне праходзіць у лёгкай форме, але ў невакцынаваных, вядома, можа назірацца ў сярэдняй ступені цяжару, — адзначыла Іна Карабан.
Многія пацыенты не назіраюць асаблівых сімптомаў. Магчымы лёгкі боль у горле, які праходзіць за 1-2 дні, страта нюху, але ён таксама хутка вяртаецца. Могуць быць страўнікава-кішачныя расстройствы.
— На сёння пакуль складана меркаваць, як ён цыркулюе. Мы правядзём далейшыя даследаванні і праз нейкі час будзем разумець, у якім аб`ёме ідзе цыркуляцыя гэтага штама, — сказала Іна Карабан.
Пры гэтым спецыялісты не выключаюць уздыму захваральнасці ў сувязі са «Стэлс-амікронам». Але калі ён будзе, пакуль складана сказаць. У прыватнасці, Іна Карабан растлумачыла, што для кожнай краіны ўздым захваральнасці характэрны ў розныя тэрміны:
— Сёння вірус не мае нейкіх асаблівых тэндэнцый, характэрных для сезоннага захворвання. Таму мы пакуль не можам казаць аб тым, што рост пойдзе, напрыклад, праз тыдзень ці два. Так, у Расіі ў маі — чэрвені 2021 года адзначаўся дастаткова вялікі ўздым захваральнасці, у Беларусі ж росту не было. Вірус неадназначны, таму прагназаваць сітуацыю складана.
Сітуацыя са «Стэлс-амікронам» у краіне будзе адсочвацца, каб разумець, як ён цыркулюе і колькі людзей у працэнтных суадносінах інфіцыравана гэтым варыянтам.
Што датычыцца ковідных ложкаў у стацыянарах, то цяпер узровень захваральнасці нізкі, і пацыентам, як правіла, не патрабуецца шпіталізацыя, таму трымаць ложкі ў такім рэжыме няма сэнсу. Калі сітуацыя будзе пагаршацца, ложкі вернуць у ковідны рэжым.
— Будзем назіраць, як будзе паводзіць сябе «Стэлс». У цэлым, на сёння гэта дастаткова лёгкі ход. Таму цалкам верагодна, што ніякіх дадатковых разгортванняў пакуль не спатрэбіцца, — сказала Іна Карабан.
На дадзены момант ужо каля 60 % беларусаў поўнасцю вакцынавана. Прышчэпачная кампанія супраць каранавіруснай інфекцыі працягнецца, мяркуецца ахапіць больш за 70 працэнтаў насельніцтва.
— Гэта дасць надзею на тое, што ў нас не будзе вялікіх уздымаў захваральнасці. Вакцынацыя накіравана не на прадухіленне захворвання, а на тое, каб пазбегнуць яго цяжкага ходу, пападання ў рэанімацыю і смяротных зыходаў. Наяўныя на сёння вакцыны працуюць, — заключыла Іна Карабан.
Аўтар: Алена Кравец
Звязда, 5 красавіка 2022
Звязда, 5 красавіка 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/38/64430
Текущая дата: 19.11.2024