Белорусский портал в Казахстане

Больш за 2,7 мільёна пасажыраў скарысталіся тэрміналамі Беларускай чыгункі



З пачатку года больш за 2,7 млн чалавек набылі квіткі на цягнікі рэгіянальных ліній эканом-класа і гарадскіх ліній з дапамогай тэрміналаў самаабслугоўвання.

Як паведамляе прэс-цэнтр магістралі, гэты канал продажаў стаў папулярным і карыстаецца ўзрастаючым попытам у пасажыраў. Так, у верасні праязныя дакументы з дапамогай тэрміналаў самастойна аформілі звыш 383 000 чалавек, гэта на 7 працэнтаў больш чым у жніўні і ўдвая больш (на 110 працэнтаў) у параўнанні з вераснем 2019 года.

Нагадаем, з сярэдзіны 2019 года на Беларускай чыгунцы пачалося ўкараненне тэрміналаў самаабслугоўвання новага тыпу - з магчымасцю прыёму аплаты наяўнымі грашыма і выдачы рэшты, а таксама з выкарыстаннем плацежных картак банкаў рэзідэнтаў і нерэзідэнтаў Рэспублікі Беларусь (у тым ліку бескантактавых). Новыя опцыі хутка знайшлі свайго кліента. Цяпер найбольш актыўна тэхналогіямі самаабслугоўвання карыстаюцца пасажыры ў Магілёве, Мінску і Гомелі. Тэрміналы па самастойным абслугоўванні пасажыраў сталі зручнай альтэрнатывай чыгуначным білетным касам.

Беларуская чыгунка рэкамендуе пасажырам актыўна выкарыстоўваць тэрміналы самаабслугоўвання, а таксама іншыя электронныя каналы продажаў праязных дакументаў.

Сяргей Расолька
Звязда, 7 кастрычніка 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/59/56385
Текущая дата: 09.10.2024