Белорусский портал в Казахстане

Беларусь і Малдова абмяркоўваюць магчымасць адмены роўмінгу



Такая інфармацыя размешчана на сайце беларускай дыпмісіі.

Пасол Беларусі ў Малдове Анатоль Калінін і міністр эканомікі і інфраструктуры Малдовы Сяргей Райлян у час сустрэчы ў Кішынёве абмеркавалі перспектывы зніжэння тарыфаў або адмены роўмінгу паміж краінамі. 

У час сустрэчы Анатоль Калінін і Сяргей Райлян абмеркавалі падрыхтоўку пасяджэння міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Яно павінна адбыцца ў кастрычніку бягучага года ў Мінску. Як было заяўлена ў час перагавораў, абедзве краіны гатовы прыкласці дадатковыя намаганні для якаснага напаўнення парадку дня пасяджэння.

«Бакі абмеркавалі перспектывы зніжэння тарыфаў або адмены роўмінгу паміж краінамі, рэалізацыю сумесных кааперацыйных праектаў у галіне прамысловасці і транспарту. Адзначана важнасць разгляду прапаноў беларускага боку па сумесным будаўніцтве дарог у Малдове», — расказалі ў пасольстве.

Малдаўскаму боку таксама было прапанавана вывучыць досвед Беларусі ў галіне распрацоўкі і рэалізацыі спецыялізаваных праграм у жыллёва-камунальнай гаспадарцы, уключаючы мадэрнізацыю цепла- і водасетак, ліфтавай гаспадаркі, павышэнне энергаэфектыўнасці дамоў, ачыстку вады і іншыя праекты.

Звязда, 26 жніўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/62/55670
Текущая дата: 19.11.2024