Белорусский портал в Казахстане

Магчымасці БУТБ у гандлі лесапрадукцыяй прадставяць у Маскве



Беларуская ўніверсальная таварная біржа прыме ўдзел у адным з буйнейшых міжнародных дзелавых форумаў па лясной тэматыцы - канферэнцыі "Рынак лесу і піламатэрыялаў Расіі-2020", якая пройдзе ў Маскве 16-17 верасня, паведаміў прэс-сакратар БУТБ Раман Яніў.

На канферэнцыі абмяркуюць актуальныя пытанні гандлю прадукцыяй лесапрамысловага комплексу. У тым ліку - уплыў знешніх фактараў на аб`ёмы экспарту, тэндэнцыі развіцця рынку піламатэрыялаў Еўрасаюза, Кітая і краін Паўночнай Афрыкі, сучасныя транспартна-лагістычныя рашэнні для перавозкі лясных грузаў, лічбавая трансфармацыя ў сферы лясной гаспадаркі. "Даклад БУТБ будзе прысвечаны магчымасцям прымянення біржавога механізму пры рэалізацыі драўнянай сыравіны і прадукцыі дрэваапрацоўкі на ўнутраным рынку і за мяжой. У прыватнасці, будзе прадстаўлены станоўчы вопыт Беларусі па арганізацыі экспартных біржавых таргоў піламатэрыяламі і драўнянымі адходамі", - сказаў Раман Яніў.

Будзе прэзентаваны і пілотны праект па гандлі расійскай лесапрадукцыяй з пастаўкай на рынак Беларусі і трэціх краін (транзітныя здзелкі).

На думку начальніка аддзела міжнародных адносін і камунікацый БУТБ Аляксандра Башлія, прыцягненне расійскіх пастаўшчыкоў лесаматэрыялаў на біржавую пляцоўку дасць магчымасць задаволіць попыт айчынных дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў на дэфіцытныя пароды драўніны і знізіць цэны на драўняную сыравіну. "У сваю чаргу расійскі бок зможа пашырыць геаграфію продажаў, атрымаўшы доступ да акрэдытаваных на біржы пакупнікоў пілапрадукцыі з краін Еўрасаюза. Вопыт правядзення таргоў расійскім лесам у нас ужо ёсць, таму нейкіх праблем тэхнічнага або арганізацыйнага характару не чакаецца", - адзначыў ён.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных бірж ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаюцца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

7 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/64/55163
Текущая дата: 19.11.2024