Белорусский портал в Казахстане

«БКМ Холдынг» адправіць партыю кампактных электробусаў у Батумі



ААТ «Кіруючая кампанія холдынга «БКМ» («Белкамунмаш») паставіць у грузінскі Батумі восем кампактных электробусаў. Адпаведная інфармацыя з’явілася ў Instagram прадпрыемства.

«Прадстаўляем вам самы кампактны з сям’і электробусаў BKM Holding дзевяціметровы электробус Е490. Восем такіх электробусаў у гэтым годзе адправяцца ў сонечны горад Батумі (Грузія)», — сказана ў подпісе да публікацыі.

Прэзентацыя гэтай мадэлі для гарадскіх улад Батумі адбылася яшчэ ў ліпені 2017 года. Як адзначаў у інтэрв’ю БЕЛТА генеральны дырэктар «БКМ Холдынг» Уладзімір Кароль, у 2019 годзе кампанія выйграла конкурс на пастаўку электробусаў для грузінскага горада. Заказчык — ТАА «Батуміаўтатранспарт» — выбраў для мадэлі Е490 белы колер, які сімвалізуе чысціню. З тых часоў вялася зборка гэтых электробусаў.

Таксама «БКМ Холдынг» мае намер прадаўжаць нарошчваць пастаўкі на рынкі краін СНД і Сярэдняй Азіі, далей планамерна працаваць над пашырэннем геаграфіі паставак тэхнікі на рынак Еўропы. Доследная эксплуатацыя беларускіх электробусаў прайшла ў Ташкенце, некаторых расійскіх гарадах. З 2019 года пры садзейнічанні пасольства Беларусі ў Іспаніі і ганаровага консула ў Барселоне прадпрыемства развівае супрацоўніцтва з Каталоніяй.

Сумесная вытворчасць Wave Industries у Кавентры (Вялікабрытанія) прадаўжае працаваць над намечанымі праектамі: стварэнне электрычнага грузавога транспарту, лакалізацыя зборкі электробусаў, доследная эксплуатацыя электробуса Е420 з праварульным кіраваннем. Аднак у сувязі з увядзеннем каранцінных мер у Вялікабрытаніі ёсць некаторыя цяжкасці з запускам тэхнікі ў доследную эксплуатацыю. Цяпер электробус знаходзіцца на завяршальным этапе сертыфікацыі, рыхтуецца ўстаноўка зараднай станцыі.

Звязда, 19 чэрвеня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/68/54208
Текущая дата: 18.11.2024