Белорусский портал в Казахстане

Навукоўцы БДУ распрацавалі чатыры ўнікальныя фітакампазіцыі



Новы прадукт прымеркаваны да стагоддзя ўніверсітэта, які будзе святкавацца ў 2021 годзе. Яго аўтарамі выступілі супрацоўнікі Навукова-вытворчага цэнтра харчовых тэхналогій «Унітэхпрам» БДУ.

У раслінныя сумесі ўвайшлі ягады, кветкі, гародніна і рэзка-араматычныя травы. Спалучэнні дэманструюць арыгінальныя смакавыя якасці і аказваюць агульнаўмацавальнае ўздзеянне на імунную сістэму чалавека.

Кожны склад адпавядае пэўнай пары года. Напрыклад, вясенняя кампазіцыя з мятнымі ноткамі асвяжае, а зімовая з імбірнымі, наадварот, дапамагае сагрэцца.

Усе кампаненты кампазіцыі ўяўляюць сабой аднастайныя парашкападобныя сумесі, што дазваляе выкарыстоўваць прадукт у якасці харчовай дабаўкі для паляпшэння смакавых уласцівасцяў хлебабулачных, малочных, мясных вырабаў і напояў.

Сёння прадукт знаходзіцца на этапе рэгістрацыі і яшчэ не мае назвы. Таму аўтары прапаноўваюць усім жадаючым прыняць удзел у конкурсе па прысваенні арыгінальнай назвы і дызайнерскім афармленні ўпакоўкі юбілейнай прапдукцыі. Прапановы прымаюцца на электронную пошту: foodcentre@mail.ru да 31 жніўня ўключна. Аўтары-пераможцы атрымаюць у падарунак калекцыю прадукцыі Навукова-вытворчага цэнтра харчовых тэхналогій «Унітэхпрам» БДУ.

Набыць арыгінальныя фітакампазіцыі пасля рэгістрацыі можна будзе ў краме брэндавай прадукцыі БДУ. Зараз там даступныя харчовыя фітасолі і натуральныя прыправы з серыі «Апетытная», распрацаваныя ў БДУ.

Надзея Нікалаева
Звязда, 29 траўня 2020

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/69/53796
Текущая дата: 18.11.2024