Першая віртуальная выстаўка беларускіх вытворцаў Made in Belarus адкрыецца 16 чэрвеня. Аб гэтым паведаміў дырэктар УП «Белінтэрэкспа» БелГПП Яўген Увядзенскі.
«Бачачы цікавасць да анлайн-рэсурсаў, мы вырашылі вывучыць гэта пытанне і паглядзець, якія рашэнні і падыходы існуюць на цяперашні момант у свеце. Паразмаўлялі з нашымі беларускімі прадпрыемствамі і вырашылі запусціць першую віртуальную выстаўку айчынных вытворцаў Made in Belarus, прысвечаную сельскагаспадарчай і харчовай прадукцыі. Мерапрыемства плануецца адкрыць 16 чэрвеня», — адзначыў кіраўнік прадпрыемства.
Выстаўка будзе ўяўляць сабой віртуальную платформу, якая складаецца са стэндаў прадпрыемстваў, прадстаўленых на двух павільёнах. На кожным стэндзе будзе відэапрывітанне ад кампаніі-ўдзельніцы, віртуальныя экспанаты, розныя дзелавыя прапановы ў фарматах дакументаў і выяў, а таксама кантактная інфармацыя. Будзе працаваць чат, з дапамогай якога супрацоўнікі кампаній змогуць паразмаўляць з усімі наведвальнікамі выстаўкі.
«Мы разлічваем на не менш за 5 тыс. наведвальнікаў з 10 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Украіны. У час выстаўкі будзе праведзены міжнародны аграрны анлайн-форум, дзе прадпрыемствы, што займаюцца сельскай гаспадаркай і прадуктамі харчавання, абмяркуюць пытанні, з якімі цяпер сутыкнулася галіна як у частцы вытворчасці, так і збыту прадукцыі», — расказаў Яўген Увядзенскі.
Платформа віртуальнай выстаўкі будзе працаваць на працягу месяца, што, на думку арганізатараў, дасць магчымасць наведаць яе ўсім зацікаўленым.
Made in Belarus — гэта брэнд, які ўжо зарэкамендаваў сябе. У рамках гэтага праекта праведзена амаль 200 мерапрыемстваў у 60 краінах свету, у якіх паўдзельнічала некалькі тысяч айчынных прадпрыемстваў. У мінулым годзе на гэтых мерапрыемствах заключаны кантракты на суму больш за $ 217 млн.
Звязда, 16 траўня 2020
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/70/53517
Текущая дата: 18.11.2024