Белорусский портал в Казахстане

"Белавія" прапануе пасажырам выбраць месца ў самалёце за дадатковую плату



Авіякампанія "Белавія" прапануе пасажырам новую паслугу - папярэдні выбар месца ў салоне самалёта. Гэта можна зрабіць на сайце авіякампаніі ў час або пасля куплі білета, паведаміла спецыяліст па сувязях з грамадскасцю Настасся Бакіноўская.

Сэрвіс папярэдняга выбару месцаў, які выкарыстоўвае большасць замежных авіякампаній, дасць магчымасць пасажырам загадзя забраніраваць месцы з павялічанай адлегласцю паміж радамі крэслаў (напрыклад, рады каля аварыйных выхадаў і першыя рады эканом-класа), якія раней не былі даступныя для анлайн-браніравання.

Гэта новая паслуга, якая будзе прадастаўляцца дадаткова да ўжо існуючай магчымасці бясплатнага выбару месца ў працэсе анлайн-рэгістрацыі на сайце авіякампаніі. На гэты момант дадатковая паслуга запушчана ў тэставым рэжыме.

Пакуль яна будзе даступная на рэгулярных рэйсах у (з) Алматы, Нур-Султан, Ашхабад, Баку, Барселону, Батумі, Ерэван, Жэневу, Ларнаку, Лондан, Парыж, Тбілісі.

Як чакаецца, у хуткім часе пасажыры змогуць выбіраць месцы на ўсіх рэйсах авіякампаніі.

Кошт дадатковай паслугі вар`іруецца ад 5 да 30 еўра і залежыць ад размяшчэння месца ў салоне самалёта.

Для ўдзельнікаў праграмы "Белавія Лідар" залатога ўзроўню і пасажыраў бізнес-класа паслуга бясплатная.

"У выпадку тэхнічнай немагчымасці прадаставіць месца аплачанай катэгорыі авіякампанія кампенсуе поўны кошт паслугі", - запэўніваюць у "Белавія".

Падрабязныя ўмовы аказання паслугі размешчаны на сайце авіяперавозчыка. У авіякампаніі звяртаюць увагу, што паслуга выбару месца будзе актыўная да 24 гадзін да вылету рэйса.

Пасля названага часу ўсе астатнія месцы становяцца даступныя для рэгістрацыі бясплатна, за выключэннем месцаў з павялічанай адлегласцю паміж радамі, а таксама месцаў у пачатку салона эканамічнага класа.

Для іх магчымасць скарыстацца платным выбарам застаецца да трох гадзін да вылету рэйса. Непрададзеныя месцы названых катэгорый будуць даступныя для рэгістрацыі на стойцы ў аэрапорце бясплатна.

У "Белавія" адзначаюць, што авіякампанія ўкараняе новыя дадатковыя паслугі ў супрацоўніцтве з Sabre Corporation - вядучым пастаўшчыком тэхналогій для сусветнай індустрыі турызму і падарожжаў.

"Паслуга па папярэднім выбары месцаў укаранёна ў рамках рэалізацыі планаў па паступовым пераходзе да тарыфных брэндаў, што дасць магчымасць прапаноўваць пасажырам больш нізкія тарыфы за кошт рознага набору прадастаўляемых паслуг", - адзначылі ў "Белавія".

3 кастрычніка 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/84/50146
Текущая дата: 18.11.2024