Белорусский портал в Казахстане

МАЗ прадставіць навінкі вытворчасці на выстаўцы COMTRANS у Маскве



Мінскі аўтамабільны завод прадставіць навінкі вытворчасці на выстаўцы COMTRANS 2019, якая пройдзе ў Маскве з 3 па 7 верасня, паведамілі ў прэс-службе прадпрыемства.

У прыватнасці, упершыню на тэрыторыі Расіі будзе паказаны аўтобус трэцяга пакалення МАЗ-303 экалагічнага класа Еўра-6. Ён створаны як базавая мадэль для цэлага сямейства пасажырскай аўтатэхнікі трэцяга пакалення, якая будзе мець розныя выкананні, у тым ліку і па даўжыні - ад 9 да 18,5 м.

Трэцяе пакаленне аўтобусаў МАЗ, аснашчаных інавацыйнымі агрэгатамі і электроннымі сістэмамі, вызначаецца палепшанай эрганомікай салона, што дае магчымасць павялічыць колькасць пасажыраў. Агульная пасажыраўмяшчальнасць - 95-110 чалавек, колькасць месцаў для сядзення - 26.

Таксама ў экспазіцыі можна будзе ўбачыць аўтобус сярэдняга класа МАЗ-257030, прызначаны для перавозкі пасажыраў па гарадскіх і прыгарадных маршрутах. У канструкцыі новай мадыфікацыі - шасі сярэднетанажнага аўтамабіля. Высокі кліранс і рысорная падвеска даюць магчымасць эксплуатаваць транспартны сродак па розных дарогах. У аўтобусе 31 месца для сядзення, салон абсталяваны багажнымі паліцамі.

Грузавая аўтатэхніка прадстаўлена магістральнымі аўтапаяздамі МАЗ-5440М7 і МАЗ-5440Е8, седлавым цягачом МАЗ-54А02К з рухавіком, які працуе на прыродным газе, сярэднетанажным аўтамабілем МАЗ-4381С0. Іх вызначае не толькі сучасны дызайн, але і прымяненне перадавых канструктарскіх і тэхналагічных рашэнняў.

"Усе навінкі, прадстаўленыя на выстаўцы, выпушчаны ў юбілейны для прадпрыемства год - 9 жніўня МАЗ адзначыў 75-годдзе", - адзначылі ў прэс-службе.

Мінскі аўтамабільны завод заснаваны ў 1944 годзе. Прадпрыемства ў рэжыме поўнага вытворчага цыкла выпускае грузавую, пасажырскую, прычапную і спецыяльную тэхніку. Штогод на заводзе праектуюцца як мінімум 1-2 навінкі.

30 жніўня 2019, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/86/49570
Текущая дата: 18.11.2024