Белорусский портал в Казахстане

Беларуская касманаўтка Марына Васілеўская на МКС пачала выкананне даследчай часткі палёту



Пра гэта паведамляе прэс-служба дзяржкарпарацыі «Раскосмас».

Марына Васілеўская на Міжнароднай касмічнай станцыі прыступіла да выканання даследчай часткі палёту

«На МКС прыступілі да правядзення эксперыментаў па беларускай праграме», — гаворыцца ў паведамленні расійскай касмічнай карпарацыі.

У прыватнасці, названы эксперымент «Праксібіётык» (даследаванне ўласцівасцей мікраарганізмаў і іх кансорцыумаў для стварэння комплекснага прадукту для падтрымання мікрабіёты чалавека ва ўмовах касмічнага палёту) і эксперымент «Магнітная фабрыкацыя» (даследаванне магчымасці кіраванага фармавання і фабрыкацыі трохмерных структур ва ўмовах мікрагравітацыі з арганічных і неарганічных матэрыялаў з дапамогай магнітных палёў).

Навуковая праграма беларускага касманаўта была распрацавана Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з «Раскосмасам» і Расійскай акадэміяй навук. Яна ўключае сем мэтавых работ — пяць навукова-даследчых і два адукацыйныя праекты. Навуковыя даследаванні будуць праведзены ў галіне біялогіі, фізіялогіі, аўтаномнага функцыянавання касмічных станцый, дыстанцыйнага зандавання Зямлі з выкарыстаннем фота- і відэаспектральнай апаратуры беларускай вытворчасці, якая знаходзіцца на МКС. Будуць даследаваны таксама лактаферын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстання ў стварэнні прадуктаў харчавання для касманаўтаў.

Марына Васілеўская адправілася на арбіту Зямлі 23 сакавіка на караблі «Саюз МС-25» у складзе міжнароднага экіпажа, у які таксама ўваходзяць камандзір карабля касманаўт «Раскосмасу» Алег Навіцкі і астранаўтка НАСА Трэйсі Дайсан. 25 сакавіка яны прыбылі на МКС, дзе іх сустрэлі ўдзельнікі працяглай экспедыцыі касманаўты «Раскосмасу» Алег Кананенка, Мікалай Чуб і Аляксандр Грабёнкін, а таксама астранаўты НАСА Лорал О’Хара, Мэцью Дамінік, Майкл Баррат і Джанет Эпс.

Па дадзеных «Раскосмасу», пасля прыбыцця на МКС новага экіпажа адбылася яго стыкоўка з расійскім сегментам МКС. Былі таксама праведзены кансервацыя карабля «Саюз МС-25», сушка аварыйна-выратавальных скафандраў «Сокал-КВ2» і пальчатак касманаўтаў і кладка іх на захоўванне, перанос з карабля і размяшчэнне на станцыі тэрміновых грузаў, кладак і апаратуры па эксперыментах «Праксібіётык», «Магнітная фабрыкацыя», «Лактаферын» і «Цытамеханарыум». Акрамя таго, праведзена тэхнічнае абслугоўванне сістэм забеспячэння жыццядзейнасці.

Плануецца, што Марына Васілеўская і Алег Навіцкі вернуцца на Зямлю 6 красавіка на караблі «Саюз МС-24», які прыстыкаваўся да МКС 15 верасня 2023 года. Кампанію ім складзе амерыканка Лорал О’Хара, якая прыляцела на МКС якраз на «Саюзе МС-24».

Звязда, 26 сакавіка 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/9/73360
Текущая дата: 23.12.2024