Белорусский портал в Казахстане

Беларускія жанчыны-дэпутаты абмеркавалі з прадстаўнікамі БДІПЧ АБСЕ пытанні гендарнай роўнасці



У Палаце прадстаўнікоў 27 сакавіка адбылася сустрэча жанчын-парламентарыяў з прадстаўнікамі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ).

Сустрэча была прысвечаная абмеркаванню актуальных пытанняў у галіне прасоўвання гендарнай роўнасці і жаночага лідарства, у тым ліку пытанняў магчымага ўліку гендарнай праблематыкі ў межах усяго заканадаўчага працэсу, паведамляе прэс-служба ніжняй палаты.

"Асобнай тэмай дыскусіі сталі пытанні пашырэння ўдзелу жанчын у палітычным і грамадскім жыцці, развіцця жаночага прадпрымальніцтва, адпаведнага прававога, арганізацыйнага і адміністрацыйнага забеспячэння", — адзначылі ў Палаце прадстаўнікоў.

Акрамя таго, парламентарыі азнаёміліся з "міжнароднымі стандартамі і перадавымі практыкамі ў гэтай сферы".

У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дэпутаты Тамара Красоўская, Людміла Макарына-Кібак, Валянціна Курсевіч, Алена Астапюк, Вольга Петрашова, Валянціна Ражанец і Ганна Старавойтава.

Ад БДІПЧ АБСЕ ўдзельнічалі начальнік аддзела дэмакратычнага кіравання і гендарных пытанняў Цііна Кукамаа-Бах, саветнік па пытаннях гендарнай роўнасці Айла Ван Хеель і эксперт па гендарных пытаннях Джэніфер Шкабатур.

Паводле вынікаў сустрэчы бакі "выказалі намер працягнуць распачаты дыялог па пытаннях, што ўяўляюць узаемную цікавасць".

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН
Мінск, 27 сакавіка 2019

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-0/94/47392
Текущая дата: 18.11.2024