У Міністэрстве адукацыі Беларусі агучылі асноўныя задачы галіны на наступны год.
Якасць адукацыі, эфектыўнасць выхаваўчай работы, важнасць прафарыентацыі і прафесійннага самавызначэння старшакласнікаў, суправаджэнне таленавітых дзяцей, аптымізацыя сеткі ўстаноў адукацыі, пілотны праект па арганізацыі харчавання ў школьных сталовых — гэтыя і многія іншыя пытанні аказаліся ў цэнтры ўвагі ўдзельнікаў калегіі Міністэрства адукацыі, на якой падводзіліся вынікі папярэдняга года і ўзгадняліся планы на будучыню.
Якасць, а не колькасць
Намеснік прэм`ер-міністра Ігар Петрышэнка, які ўзяў удзел у калегіі, заўважыў у сваім выступленні, што ўзмацненне ўвагі да праблем адукацыі з`яўляецца характэрнай рысай развіцця сусветнай супольнасці ў апошняе дзесяцігоддзе.
— Адукаваны чалавек — той, які здольны самастойна засвойваць новыя веды — становіцца найважнейшай каштоўнасцю і асноўным капіталам сучаснага грамадства. Натуральна, што ў свеце разгарнулася сур`ёзная канкурэнцыя і барацьба за гэты капітал. І мы, як ніхто іншы, адчуваем гэта кожны дзень, — падкрэсліў віцэ-прэм`ер. — Сістэма адукацыі ў сваім развіцці, вядома, павінна ўлічваць сусветныя тэндэнцыі, у той жа час дзяржаўныя інтарэсы і ўласныя нацыянальныя асаблівасці з`яўляюцца для нас прыярытэтнымі.
«Неад`емнай часткай адукацыйнага працэсу з`яўляецца выхаваўчая і ідэалагічная работа. Мы, акрамя ведаў, павінны даць моладзі і жыццёвыя арыенціры. Таму на першы план выходзіць фаміраванне светапоглядных асноў навучэнцаў, выхаванне грамадзянскасці і патрыятызму, — дадаў Ігар Петрышэнка. — Ва ўстановах адукацыі ўжо склалася сістэма выхаваўчай і ідэалагічнай работы, разам з тым актуальны парадак дня патрабуе новых сучасных падыходаў да яе арганізацыі. У сувязі з гэтым Міністэрству адукацыі трэба звярнуць асаблівую ўвагу на прафесійную кампетэнтнасць і асабістую пазіцыю арганізатараў выхаваўчага працэсу. Немагчыма пераацаніць уплыў на навучэнца настаўніка, выкладчыка, выхавальніка, якія штодня працуюць у класе ці ў аўдыторыі і з`яўляюцца праваднікамі асноў дзяржаўнай ідэалогіі.
— Адукоўваць мы навучыліся, а вось да выхаваўчай работы ёсць пытанні. Не заўсёды колькасць мерапрыемстваў пераходзіць у якасць, — падзяліўся сваім бачаннем сітуацыі намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар ЛУЦКІ. — Мы аналізавалі планы выхаваўчай работы ў некаторых установах адукацыі. Іх часам столькі, што ў дзяцей проста няма часу «прадыхнуць». Давайце ўсё ж такі зробім выхаваўчую работу больш мэтанакіраванай і практыка-арыентаванай.
Нюансы выхавання
— Выхаваўчая работа — вялікая, шматгранная, усёабдымная дзейнасць. І сваю мэту мы бачым у тым, каб аб`яднаць разрозненыя ініцыятывы ў цэласную сістэму, дасягнуць адзінства ўсіх сацыяльных інстытутаў у пытаннях выхавання, — падкрэсліў у сваім выступленні на калегіі міністр адукацыі Андрэй Іванец. — З гэтай мэтай распрацаваны індэкс эфектыўнасці дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, які ўключае вывучэнне якасці нацыянальнай сістэмы адукацыі, падрыхтоўкі кадраў, грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне моладзі, занятасць, здароўе, захаванне сямейных каштоўнасцяў і падтрымку маладой сям`і, удзел моладзі ў грамадска-палітычным жыцці краіны і іншыя пазіцыі.
Гаворачы аб якасці работы ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі, мы арыентуемся не толькі на той аб`ём ведаў і ўменняў, якім валодае наш выпускнік, але і на тое, каб са сцен школы выйшаў чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які прыносіць карысць сваёй краіне.
Міністэрства адукацыі цесна супрацоўнічае з МУС і Міністэрствам абароны. На тэрыторыі воінскіх часцей арганізаваны і актыўна дзейнічаюць 39 ваенна-патрыятычных клубаў.
Важкі ўклад у захаванне гісторыка-культурнай спадчыны ўносяць пошукавыя аб`яднанні. Сёння ў 372 пошукавых аб`яднаннях займаюцца амаль 4,5 тысячы навучэнцаў.
Папаўняюцца экспазіцыі школьных музеяў, праводзіцца работа па абнаўленні іх сайтаў, арганізацыі музейнай даследчай дзейнасці. Ва ўстановах адукацыі функцыянуе 1420 музеяў, у тым ліку 209 — ваенна-гістарычнага профілю. З 2022 года ў школах арганізавана 2011 музейных экспазіцый, прысвечаных ахвярам генацыду беларускага народа.
Лічу своечасовым увядзенне летась у школах, а сёлета ў каледжах пасады кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Міністэрствам адукацыі праведзена неабходная арганізацыйная і інфармацыйна-метадычная работа. Кіраўнікам па ваенна-патрыятычным выхаванні дадзена права выконваць у рабочы час аплатную педагагічную дзейнасць у частцы рэалізацыі адукацыйных праграм. Сёння ўстановамі адукацыі сумесна з ваенкаматамі працягваецца работа па падборы кадраў на гэтую пасаду.
На думку міністра, правільна выбудаваная інфармацыйна-тлумачальная работа — яшчэ адзін важны складнік выхавання. У апошнія некалькі гадоў ва ўстановах адукацыі рэалізоўваецца інфармацыйна-адукацыйны праект «Школа актыўнага грамадзяніна». У навучэнцаў выклікаюць непадробную цікавасць у фармаце адкрытага дыялогу зносіны з кіраўнікамі дзяржаўных органаў улады, сілавых ведамстваў, дэпутатамі. «Гэта фарміруе ў іх паспяховасць, мэтанакіраванасць, пазітыўнае стаўленне да жыцця, — лічыць кіраўнік адукацыйнага ведамства. — Новай формай арганізацыі выхаваўчай работы стаў адкрыты дыстанцыйны марафон праектаў «Мы дзейнічаем!». З мэтай яго рэалізацыі на нацыянальным адукацыйным партале адкрыта інтэрнэт-пляцоўка, дзе настаўнікам, навучэнцам, усім зацікаўленым даецца магчымасць падзяліцца вопытам рэалізацыі сацыяльных праектаў і ініцыятыў, а таксама ўнесці прапановы па ўдзеле ў грамадскім жыцці свайго рэгіёна».
Электронная «чарга» ў дзіцячы садок
Асобна ўдзельнікі калегіі спыніліся на пытанні даступнасці дашкольнай адукацыі. «У 2022 годзе доля дзяцей ад 1 да 6 гадоў, якія атрымліваюць дашкольную адукацыю, дасягнула амаль 90 працэнтаў, — праінфарміраваў міністр. — Упершыню магчымасць атрымліваць дашкольную адукацыю дома была дадзена дзецям, якія па медыцынскіх паказаннях пастаянна не могуць наведваць установу дашкольнай адукацыі.
Паводле звестак сацыялагічнага апытання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ ў верасні мінулага года, каля 95 % апытаных бацькоў без праблем атрымалі месца менавіта ў тым дзіцячым садку, у якім і хацелі.
Разам з тым у Мінскім раёне па-ранейшаму захоўваецца дэфіцыт месцаў у дзіцячых садках па месцы жыхарства. Мы працуем над сістэмай, якая дазволіць бацькам ажыццяўляць працэдуру пастаноўкі дзіцяці на ўлік у электроннай форме праз адзіны партал электронных паслуг. Была арганізавана работа па візуалізацыі інфармацыі аб наяўнасці свабодных месцаў у кожнай установе дашкольнай адукацыі ў рэгіёнах. На інтэрнэт-партале Міністэрства адукацыі, сайтах аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама размешчаны інтэрактыўныя карты са спасылкамі на ўсе ўстановы дашкольнай адукацыі рэгіёнаў і Мінска».
— У пытанні павышэння даступнасці дашкольнай адукацыі шмат зроблена, — паведаміў Ігар Петрышэнка. — Толькі за апошні год пабудавана 12 дзіцячых садкоў больш чым на дзве тысячы месцаў. І ў той жа час у асобных мікрараёнах з інтэнсіўнай жылой забудовай захоўваецца актуальнасць з месцамі ў дашкольных установах крокавай даступнасці. Заўважу, што агульная колькасць месцаў у садках перавышае колькасць дзяцей. Так, у Мінску на тысячу дзяцей дашкольнага ўзросту ў дашкольных установах ёсць 1100 месцаў. Таму мы працягнем практыку выдзялення месцаў у дашкольных установах, якія размешчаны побач з працай бацькоў малых або па дарозе да месца іх працы. Будзе арганізаваны падвоз дзяцей з мікрараёнаў да дзіцячых садкоў, дзе ёсць свабодныя месцы. Зыходзячы з гэтых падыходаў, неабходна на мясцовым узроўні распрацаваць лагістыку і весці прадметную індывідуальную работу з бацькамі. Трэба яшчэ раз праінвентарызаваць усю сетку дзіцячых садкоў у рэгіёнах. Вельмі важная гібкасць кіравання на месцах. Пры гэтым новыя дашкольныя ўстановы мы працягнем будаваць....
Сёлета павінна быць уведзена ў эксплуатацыю электронная сістэма пастаноўкі на ўлік тых, хто мае патрэбу ў дзіцячым садку. Спадзяёмся, што яна значна спросціць працэс забеспячэння дзіцяці месцам у дашкольнай установе...
Зона адказнасці для ўсіх
Сур`ёзным экзаменам стане правядзенне ў маі бягучага года атэстацыі выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў новым фармаце.
— Рэпетыцыя цэнтралізаванага экзамену паказала, што сур`ёзных праблем з яго арганізацыяй няма. Але ў той жа час, паважаныя калегі, хачу звярнуць вашу ўвагу на тое, што ніякіх недапрацаваных «дробязяў» у гэтым пытанні быць не павінна. Асабліва падкрэслю, што экзамен — зона адказнасці для ўсіх: ад міністра да кіраўніка кожнай установы адукацыі. Пільную ўвагу трэба ўдзяліць пытанням бяспекі, зладжаным дзеянням мясцовых органаў кіравання адукацыяй, аховы здароўя, праваахоўчых органаў і МНС, — падкрэсліў Ігар Петрышэнка.
Абмяркоўваючы тэму якасці адукацыі, Андрэй Іванец паведаміў, што Міністэрствам адукацыі прынята рашэнне аб правядзенні з гэтага года нацыянальнага даследавання па функцыянальнай адукаванасці навучэнцаў. Гэта будзе комплексная работа, якая ўключае заданні па чытацкай, матэматычнай, прыродазнаўчай і фінансавай адукаванасці.
— У даследаванні прымуць удзел каля 20 тысяч навучэнцаў дзясятых класаў з усіх рэгіёнаў. Яго вынікі дазволяць вызначыць шэраг задач, над якімі нам трэба будзе працаваць у найбліжэйшай перспектыве, — патлумачыў кіраўнік галіны. — У першую чаргу, гэта датычыцца ўдасканалення навукова-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу. Заданні, накіраваныя на прымяненне навучэнцамі засвоеных ведаў, уменняў і навыкаў у розных жыццёвых сітуацыях, павінны знайсці адлюстраванне ў кампанентах вучэбна-метадычных комплексаў па вучэбных прадметах. Задача Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, інстытутаў развіцця адукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі — правесці семінары па ўдасканаленні методык навучання вучэбным прадметам з выкарыстаннем гэтых матэрыялаў.
Важная задача — фармаванне высокапрафесійнага экспертнага патэнцыялу ў галіне ацэнкі якасці адукацыі. Адпаведная задача пастаўлена Нацыянальнаму агенцтву па забеспячэнні якасці адукацыі.
У верасні бягучага года ў краіне адбудзецца фінал Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь». Ён праводзіцца раз на тры гады. Адначасова з адборачнымі турамі конкурсу «Настаўнік года» ў краіне праходзіць рэспубліканскі фестываль «Педагагічны дэбют», у якім удзельнічаюць педагагічныя работнікі ва ўзросце да 31 года са стажам работы на пасадзе не больш за пяць гадоў. Плануецца зрабіць яго таксама рэгулярным.
Прэстыж прафесіі і сацыяльны статус
Міністр адукацыі ўпэўнены ў тым, што якасць сучаснай адукацыі вызначаецца не толькі яе зместам і адукацыйнымі тэхналогіямі, але і гуманістычнай накіраванасцю. «Ад узроўню культуры, маральных каштоўнасцяў, прыстойнасці, дабрыні і іншых чалавечых якасцяў не толькі педагогаў, але ўсіх, хто мае дачыненне да сістэмы адукацыі, залежаць характары, лёсы, а часам і жыцці соцень і тысяч дзяцей, — звяртае ўвагу ён. — І кожны, нават адзінкавы выпадак невыканання настаўнікам ці выкладчыкам этычных нормаў негатыўна ўплывае на фарміраванне новага пакалення, на сацыяльны статус педагога і на прэстыж педагагічнай прафесіі ў цэлым.
Грамадства патрабуе ад педагагічных работнікаў як выканання ўласна прафесійных функцый па навучанні і выхаванні падрастаючага пакалення, так і высокіх маральных якасцяў. Прыемна адзначыць, што добрых педагогаў у нас большасць. Мы шануем іх працу. Аднак у мінулым годзе званне заслужанага настаўніка атрымаў толькі адзін чалавек, заслужанага работніка адукацыі — трое, а народнага настаўніка — увогуле ніхто. Лічу, мы недапрацоўваем у гэтым пытанні. Трэба больш актыўна ўносіць прапановы па ўзнагароджанні заслужаных педагогаў».
— Летась было прынята рашэнне аб ліцэнзаванні практычна ўсіх устаноў адукацыі. Гэта яшчэ адзін інструмент для ўзмацнення адказнасці кіраўнікоў і ўстаноў адукацыі за вынікі іх дзейнасці, — паведаміў Ігар Петрышэнка. — Майце на ўвазе, што ліцэнзаванне і акрэдытацыя не павінны зводзіцца да падпісання фармальных аб`ёмных справаздач. Такія праверачныя мерапрыемствы павінны стаць стымулам у развіцці ўстаноў адукацыі і іх дзейнасці, спрыяць устараненню ўсіх пралікаў. Прашу міністра звярнуць асаблівую ўвагу на кантрольную дзейнасць. Лічу, што гэта работа павінна быць якасна абноўлена.
Ігар Петрышэнка таксама спыніўся на эфектыўнасці работы метадычных арганізацый: «Іх штат немалы. Аднак мушу канстатаваць, што дзеючая сістэма метадычнага суправаджэння сістэмы адукацыі патрабуе ўдасканалення. Неабходна перагледзець як яе структуру, так і функцыі метадычных арганізацый, — падкрэсліў ён. — Такая задача пастаўлена на бягучы год урадам перад Міністэрствам адукацыі, аблавыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам».
Аўтар: Надзея Нікалаева
Звязда, 17 лютага 2023
Звязда, 17 лютага 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/12/68439
Текущая дата: 22.12.2024