Белорусский портал в Казахстане

Першацветы распусціліся на поўдні Берасцейшчыны



На Берасцейшчыне паўсюль з’явіліся першыя вясновыя кветкі. Пра тое, што заквітнела пралеска высакародная, паведаміў сайт Нацыянальнага парка «Белавежская пушча».

Гэтая пяшчотная сіняя кветачка зацвітае ў нашых шыротах, як толькі сыходзіць снег, альбо пры яго адсутнасці зямля крышачку прагрэецца пад першым вясновым сонцам. У расліны з восені фармуюцца бутоны, якія і распускаюцца зусім ранняй вясной. Аматарам лясной прыгажосці трэба ўлічваць, што пралеска цвіце ўсяго восем-дзесяць дзён. Потым яе зменяць іншыя кветкі — ружова-блакітная медуніца, белая ветраніца, а пакуль пралеска святкуе свой час. Яе можна сустрэць пасярод бурых леташніх лісцяў і дробных галінак ля самай зямлі.

У пушчы ўжо выраслі і першыя грыбы — саркасцыфа алая. Яны растуць на паваленых, найбольш трухлявых ствалах і галінах дрэў. Грыбы гэтыя нагадваюць экзатычныя чырвоныя кветкі.

І не толькі пушча адзначае прыход вясны прыгожымі краскамі. Першацветы ёсць ва ўсіх паўднёвых раёнах. На мінулым тыдні аўтар гэтых радкоў назірала белыя падснежнікі (галантусы) у Івацэвіцкім раёне, а гэты раён зусім не паўднёвая частка вобласці. Значыць, вясна ўпэўнена крочыць па нашай зямлі.

Святлана Яскевіч
Звязда, 22 сакавіка 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/12/68752
Текущая дата: 22.12.2024