Белорусский портал в Казахстане

Вадкакрышталічным дысплеям прыйдзецца пацясніцца



Беларускія хімікі распрацавалі матэрыялы для стварэння дысплеяў новага пакалення, якія з часам могуць пасунуць з сусветнага рынку традыцыйных вадкакрышталічных "калег".

Навінку, сінтэзаваную спецыялістамі Інстытута хіміі новых матэрыялаў, можна выкарыстоўваць у стварэнні святловыпрамяняльных дыёдаў — паўправадніковых прыбораў, што вырабляюцца з арганічных спалучэнняў (скарочана ОLЕD). Калі прапусціць праз іх электрычны ток, яны пачынаюць эфектыўна выпраменьваць святло.

Такім чынам, асноўнае прымяненне ОLЕD — стварэнне новага пакалення дысплеяў. Паводле меркавання навукоўцаў, такія дысплеі будуць значна таннейшыя за вадкакрышталічныя. Не менш важныя кірункі выкарыстання новых матэрыялаў — вытворчасць прылад асвятлення. Апроч таго, новыя матэрыялы, распрацаваныя айчыннымі хімікамі, незаменныя для стварэння прылад арганічнай электронікі.

Работы па распрацоўцы падтрымаў Рэспубліканскі фонд фундаментальных даследаванняў, у якога асноўным крытэрыем адбору для фінансавання з`яўляецца практычная карысць праектаў. Нашымі ноу-хау зацікавіліся і за мяжой: ужо выкананы буйны кантракт з Саудаўскай Аравіяй па распрацоўцы новых арганічных святловыпрамяняльных матэрыялаў коштам больш за 400  тыс. долараў.

Інга Міндалёва
Звязда, 17 студзеня 2012


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/123/11816
Текущая дата: 26.12.2024