Белорусский портал в Казахстане

Спікер польскага cейма заклікае прыцягнуць да адказнасці асоб, якія выдалі інфармацыю аб рахунках беларускіх праваабаронцаў



Спікер сейма Польшчы Гжэгаж Схетына лічыць неабходным прыцягнуць да адказнасці асоб, вінаватых у перадачы польскай пракуратурай у Мінск інфармацыі аб беларускіх апазіцыянерах.

"Пратэст МЗС, здзіўленне і абурэнне, якое мы чуем па гэтым пытанні, павінны прывесці да таго, што генеральны пракурор прыцягне да адказнасці людзей, якія дапусцілі такую сітуацыю", — цытуе Схетыну Gazeta Wyborcza.

Спікер падкрэсліў, што чакае поўнай інфармацыі па справе аб перадачы звестак беларускіх апазіцыянераў.

Тым часам, як паведамляюць польскія СМІ, сёння генпракурор Польшчы павінен азнаёміцца з вынікамі службовага расследавання акалічнасцяў выдачы беларускім уладам інфармацыі аб банкаўскім рахунку праваабаронцы Алеся Бяляцкага — віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека і кіраўніка закрытага ў Беларусі праваабарончага цэнтра "Вясна".

Прадстаўнікі беларускай дыяспары ў Польшчы маюць намер запатрабаваць ад генпракурора заклікаць да адказу вінаватых польскіх чыноўнікаў, а таксама дамагацца спынення дзеяння двухбаковага дагавора аб прававой дапамозе з Беларуссю.

Старшыня арганізацыі "Беларуская нацыянальная памяць" Анатоль Міхнавец, у прыватнасці, не выключыў, што ў Польшчы "ёсць карупцыянеры або тыя, хто працуе паводле замовы беларускіх спецслужбаў". Падставай для такога меркавання з`яўляюцца справы Алеся Бяляцкага, а таксама Андрэя Жукаўца і іншых беларусаў — палітычных бежанцаў, "якія на працягу многіх гадоў не могуць атрымаць прыстанак, а атрымліваюць толькі праблемы", сказаў ён у інтэрв`ю радыё "Рацыя".

Паводле слоў Міхнаўца, прадстаўнікі беларускай грамадзянскай супольнасці разам з польскімі дэмакратычнымі арганізацыямі маюць намер заклікаць афіцыйную Варшаву выпрацаваць прававыя механізмы супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі і паслядоўна іх прытрымлівацца, каб выключыць паўтарэнне сітуацый, падобных той, у якой апынуўся Бяляцкі.

Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 16 жніўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/157/8672
Текущая дата: 26.12.2024