Белорусский портал в Казахстане

БРСМ даў старт рэспубліканскай акцыі «Беларусь: да і пасля»



Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі даў старт рэспубліканскай акцыі «Беларусь: да і пасля», паведамляе афіцыйная прадстаўніца Цэнтральнага камітэта БРСМ Кацярына Лакісава.

Моладзевая ініцыятыва накіравана на папулярызацыю дасягненняў у сацыяльна-культурным і эканамічным аспектах жыцця беларускага народа ў перыяд з 1941 года да гэтага часу.

«У аснову праекта, які стартаваў сёння, 9 мая ў Дзень Перамогі, і завершыцца 22 чэрвеня закладзена пошукавая і даследчая работа. Яго сутнасць заключаецца ў пошуку і публікацыі ў асабістым профілі сацыяльнай сеткі Instagram параўнальных фатаграфій “Беларусь: да і пасля” ваеннага перыяду і цяперашніх дзён з пазначэннем хэштэгаў #Беларусьдоипосле, #мирное небо, #годисторической памяти, #БРСМ і адзнакай у публікацыі афіцыйнага акаўнту @brsm_by», — расказала Кацярына Лакісава.

Паводле яе слоў, лепшыя фатаграфіі будуць аформлены ў тэматычную выставу, якая будзе прэзентавана ў час мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — 22 чэрвеня.

Рэспубліканская акцыя «Беларусь: да і пасля» стала састаўной часткай шматступеньчатага рэспубліканскага патрыятычнага праекта «Кветкі Вялікай Перамогі», сімвалам якога з’яўляецца яблыневы цвет і чырвона-зялёная стужачка — знак павагі і ўдзячнасці за мір і незалежнасць нашай краіны.

Звязда, 9 траўня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/18/64843
Текущая дата: 01.11.2024