Белорусский портал в Казахстане

Барак Абама пра рэформы на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы



Выступаючы сёньня ў Дзярждэпартамэнце ЗША ў Вашынгтоне, прэзыдэнт Барак Абама заявіў, што рэвалюцыі ў арабскіх краінах Блізкага Ўсходу і Паўночнай Афрыкі паказваюць «прагу да свабоды», якая назапашвалася шмат гадоў, а таксама сьведчаць, што рэпрэсіі больш не працуюць.

«Шэсьць месяцаў мы назіраем надзвычайныя зьмены, якія адбываюцца на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы. Плошча за плошчай, горад за горадам, краіна за краінай, народ паўстае, каб патрабаваць асноўных правоў чалавека. Два кіраўнікі ўжо падалі ў адстаўку. Іх сьледам могуць пайсьці іншыя» - сказаў прэзыдэнт ЗША.

Гэта была другая праграмная прамова Абамы аб сытуацыі на Блізкім Усходзе. У 2009 годзе ў Каіры ён казаў пра неабходнасьць дэмакратызацыі ў рэгіёне і заклікаў да барацьбы з экстрэмізмам «ва ўсіх яго праявах». З тых часоў сытуацыя ў рэгіёне зьмянілася кардынальным чынам: у выніку народных паўстаньняў страцілі ўладу кіраўнікі Тунісу і Эгіпту, у іншых краінах працягваюцца мірныя акцыі пратэсту, удзельнікі якіх патрабуюць пераменаў.

Абама заявіў, што ЗША падтрымліваюць палітычныя і эканамічныя зьмены на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы:

«Мы павінны выкарыстаць увесь наш уплыў дзеля таго, каб падтрымаць рэформы ў рэгіёне. Нашае пасланьне простае: калі вы прымеце на сябе рызыку правядзеньня рэформаў, вы атрымаеце поўную падтрымку ЗША».

Адміністрацыя ЗША, удакладніў Абама, плянуе падтрымліваць краіны блізкаўсходняга рэгіёну на такіх накірунках як эканамічнае кіраваньне, эканамічная стабільнасьць, эканамічная мадэрнізацыя, а таксама гандлёвая інтэграцыя і інвэстыцыі.

Сярод формаў эканамічнай дапамогі прэзыдэнт назваў падтрымку ўнівэрсытэтаў, навукова-дасьледчых цэнтраў і інстытутаў грамадзянскай супольнасьці; мабілізацыю намаганьняў міжнародных фінансавых устаноў па падтрымцы рэформаў, якія праводзяцца дзяржавамі рэгіёну; сьпісаньне і рэструктурызацыю дзяржаўных даўгоў.

Злучаныя Штаты, падкрэсьліў Абама, ня лічаць што мір можна насадзіць сілай. Паводле яго, перамовы аб міры на Блізкім Усходзе, «павінны прывесьці да дзьвюх дзяржаваў, са сталымі палестынскім межамі з Ізраілем, Ярданіяй і Эгіптам, і сталымі ізраільскімі межамі з Палестынай. Межы паміж Ізраілем і Палестынай павінны грунтавацца на межах 1967 году з узаемна дамоўленымі абменамі, каб для абедзьвюх дзяржаваў былі ўсталяваныя бясьпечныя і прызнаныя межы. Палестынскі народ мае права на самакіраваньне, каб дасягнуць свайго патэнцыялу ў сувэрэннай і цэльнай дзяржаве».

Тым часам прэм`ер-міністар Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу адкінуў адзін з ключавых момантаў у сёньняшняй прамове прэзыдэнта ЗША пра сытуацыю на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы, заявіўшы, што вяртаньне да межаў 1967 году было б катастрофай для дзяржавы Ізраіль.

Нэтаньягу заявіў, што межы 1967 году зрабілі б Ізраіль «безабаронным».

У пятніцу Нэтаньягу мае наведаць зь візытам Белы Дом.

19 траўня 2011
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/181/6999
Текущая дата: 24.12.2024