Белорусский портал в Казахстане

"Беларускі" скандал у Кіргізстане



Першы віцэ-прэм`ер цяперашняга ўраду Кіргізстану Амурбек Бабанаў абвінавачаны ў тым, што падчас нядаўняга афіцыйнага візыту ў Маскву патаемна наведаў Менск, дзе сустракаўся з чальцамі клану зрынутага прэзыдэнта Бакіева, у прыватнасьці, з былым прэзыдэнтам Курманбекам Бакіевым і яго сынамі Максімам і Маратам.

Як паведаміў Айданбек Тэшкенбаеў, карэспандэнт кіргіскай службы нашага радыё, Бабанаў валодае цэмэнтным заводам у Пензе, прычым саўладальнікам заводу зьяўляецца менавіта Максім Бакіеў.

Паводле чутак, Бабанаў сустракаўся ў Менску з братамі Бакіевымі для абмеркаваньня супольных бізнэсовых інтарэсаў, але магчыма, і ня толькі.

Дэпутат парлямэнту ад фракцыі Ата -Мекен Эркін Алымбекаў запатрабаваў ад генэральнай пракуратуры дасьледаваць сапраўднасьць інфармацыі пра патаемны візыт першага віцэ-прэм`ера ў Менск.

Першы час пасьля прыходу да ўлады К.Бакіева ў 2005 годзе Амурбек Бабанаў быў у апазыцыі да яго, быў адным зь лідэраў руху «За рэформы». Але праз паўтара года знайшоў паразуменьне з прэзыдэнтам і стаў першым віцэ-прэм`ерам яго ўраду. Гэтую самую пасаду Бабанаў займае і ў цяперашняй уладзе.

Справу аб супольным бізнэсе віцэ-прэм`ера і высокіх прадстаўнікоў зрынутага рэжыму, а таксама аб іншых абвінавачаньнях у карупцыі вывучае парлямэнцкая камісія. На час дасьледаваньня Бабанаў падаў у часовую адстаўку.

Кіргіскае выданьне vesti.kg паведамляе пра заяву першага віцэ-прэм`ера, што ён адмовіўся ад сваёй долі ў пензенскім цэмэнтным заводзе.

20 красавіка 2011
Юры Дракахруст
Радыё Свабода


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/189/5982
Текущая дата: 23.12.2024