Белорусский портал в Казахстане

У мінулым у Зямлі, імаверна, былі кольцы, як у Сатурна



Цяпер у Сонечнай сістэме кольцы ёсць у чатырох планет-гігантаў: Сатурна, Юпітэра, Урана і Нептуна. Новыя дадзеныя, якія атрымалі навукоўцы з Аўстраліі, указалі на тое, што кольцы былі і ў Зямлі.

На працягу мільёнаў гадоў яны заставаліся стабільнымі і ў рэшце рэшт маглі стаць прычынай, якая прывяла да катастрафічных наступстваў для ўсяго жывога на нашай планеце.

Упершыню аб гіпатэтычных кольцах вакол Зямлі навукоўцы загаварылі на сур’ёзным узроўні ў другой палове XX стагоддзя. У 1980 годзе ў часопісе Nature выйшаў артыкул амерыканскага астранома Джона О’Кіфа, у якой ён выказаў здагадку, што ўсяго 34 мільёны гадоў назад Зямля валодала ўласнай сістэмай кольцаў, якая размяшчалася ў экватарыяльнай плоскасці планеты, як у Сатурна.

Гэтая кальцавая сістэма заставалася стабільнай на працягу некалькіх мільёнаў гадоў і ўплывала на надвор’е. У артыкуле О’Кіф пісаў, што зацяненне Зямлі кольцамі магло прывесці да глабальнага пахаладання, з якім навукоўцы злучаюць выміранне многіх відаў марскіх арганізмаў у познім эацэне (так называецца другая геалагічная эпоха палеагенавага перыяду. Пачаўся 56 і скончыўся 33,9 млн гадоў таму).

Група аўстралійскіх навукоўцаў з Універсітэта Манаша вылучыла новую гіпотэзу аб кальцавой сістэме нашай планеты. Па іх меркаванні, кольцы вакол яе маглі сфармавацца прыблізна 466 мільёнаў гадоў назад, у пачатку незвычайна інтэнсіўнга метэарытнага бамбавання, якое адбылось ў ардавікскім перыядзе (працягваўся ад 485,4 да 443,8 мільёна гадоў назад).

Высновы навукоўцаў заснаваныя на тэктанічных рэканструкцыях пліт для ардавікскага перыяду, у якіх адзначана становішча 21 кратэра ад удараў астэроідаў. Вынікі даследавання апублікаваны ў часопісе Earth and Planetary Science Letters.

Звязда, 19 верасня 2024

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/6-1/2/75270
Текущая дата: 22.12.2024